Аляксандр Пануца – пра пазбаўленне вайсковага звання ўказам Лукашэнкі
Сярод некалькіх дзясяткаў афіцэраў, якіх пазбавілі звання адмысловым указам, ёсць прозвішча гомельца Аляксандра Пануцы.
Афіцэр запасу, калі дазнаўся, што яго прозвішча ў спісе, не здзівіўся такому павароту падзей:
-Нейкага здзіўлення гэта не выклікала. З улікам таго, што яшчэ з 2020 года быў артыкул 342 і 293, па якіх на мяне былі заведзены крымінальныя справы за маю апазіцыйную дзейнасць 2019 – 2020 гадоў. Я разумею, што зараз максімальна навешваюць артыкулаў, каб у выпадку майго з’яўлення ў Беларусі пры гэтым дзеючым злачынным рэжыме схапіць мяне і пасадзіць на максімальны тэрмін.
Старшы лейтэнант Аляксандр Пануца пасля звальнення са службы актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці краіны. У 2020 годзе, паводле ягоных сведчанняў, на гомельца завялі некалькі крымінальных справаў за ўдзел у пратэстах. У выніку ён быў вымушаны з’ехаць з краіны. А ў 2022 годзе, з пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны, Аляксандр Пануца запісаў два рэзанансныя звароты да вайскоўцаў, у якіх заклікаў ні ў якім разе не ісці ваяваць.
Беларускае Радыё Рацыя