Аляксандр Павяльчук: Мужчыны з заробкаў прывозяць і ВІЧ



Праз сітуацыю з заражэннем у Пінску 11-месячнай дзяўчынкі ВІЧ-інфекцыяй грамадскасць краіны звярнула ўвагу на тое, што паказнік захворвання ВІЧ у Пінску амаль у чатыры разы перавышае абласны, і ў два разы – рэспубліканскі.

Сітуацыю патлумачыў старшыня пінскай арганізацыі «Пазітыўны рух» Аляксандр Павяльчук, які займаецца праблематыкай з 90-х гадоў:

Па-першае, іх першапачаткова ў Пінску было больш, то бок гэта як снежны ком – чым больш заражаных, тым больш яны могуць перадаць. Першымі заразіліся наркаманы. Цяпер жа дзякуючы праграмам зніжэння шкоды, дзякуючы прафілактыцы і наркалогіі, і дзяржавы і ўсяго іншага, змянілі сітуацыю з дакладнасцю наадварот. То бок было 80% ін’екцыйны шлях і 20% – палавы. Зараз зрабілі наадварот – 20% ін’екцыйны, 80% – палавы. Да таго ж – мужчыны на заробках, адпаведна знаходзяць сабе жанчын, адтуль прывозяць у тым ліку і ВІЧ.

Аляксандр Павяльчук дадае, што большасць з ВІЧ-хворых даведалася пра свой статус выпадкова і праз пэўны тэрмін. На сённяшні дзень у горадзе над Пінай пражывае амаль 900 чалавек з ВІЧ.

Беларускае Радыё Рацыя