Аляксандр Сахарук: Я быў на чужой зямлі агрэсарам
15 лютага 1989 года Савецкі Саюз вывеў сваю армію з Афганістана. Дзе на працягу 10 гадоў пад выглядам дапамогі афганскаму народу савецкая армія фактычна вяла вайну супраць гэтага народу. Гэта была цалкам правальная вайна.
Але ў 1983-м годзе Аляксандр Сахарук з Берасцейшчыны рваўся ў Афганістан. Бо тры месяцы каранціну ў вайсковай частцы Усць-Каменагорска Казахскай ССР былі пеклам. Толькі пазней ён зразумеў, што быў на чужой зямлі агрэсарам, кажа Аляксандр Сахарук:
– Нам жа ўбівалі ў галовы, што амерыканцы збіраюцца там паставіць свае ракеты. І яны закрылі б усю Азію. Таму ўварваліся мы, апярэдзілі пад шыльдай інтэрнацыянальнага доўгу. На тэрыторыі сваёй часткі мы знаходзілі ўлёткі. Я дакладна запомніў фразу: “Воіны агрэсіўнай Чырвонай арміі.” Мы былі агрэсарамі, акупантамі. У той час прэзідэнтам ЗША быў Рональд Рэйган. Ён назваў СССР імперыяй зла. З чым я згаджаюся.
Аляксандр Сахарук узнагароджаны медалём “За адвагу”. Узнагароду не афішуе і пра Афганістан стараецца не ўспамінаць.
Паводле Аляксандра Сахарука, патрэбна было выбачыцца перад афганскім народам. Нельга лезці ў чужы манастыр са сваім статутам. Але ў Масквы не страчаны імперскія інтарэсы да гэтага часу, толькі трансфармаваны. Імперыя зла не дзелася нікуды.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота brestspring.com