БАЖ заклікае неадкладна вызваліць Сяргея Сацука
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае ўлады неадкладна вызваліць затрыманага напярэдадні галоўнага рэдактара дзелавога інтэрнэт-выдання „Ежедневник” Сяргея Сацука і спыніць у дачыненні да яго крымінальны пераслед. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі. Сёння супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю правялі ператрус у рэдакцыі выдання ў Менску.
Па меркаванні Аляксандра Сацука, брата затрыманага журналіста, пераслед Сяргея Сацука адбывааецца з-за яго прафесійнай дзейнасці:
– Што менавіта, які артыкул, якая менавіта публікацыя актывізавала гэтую дзейнасць у адносінах да Сяргея, я сказаць не магу. Магчыма, гэта апошні артыкул, які выйшаў 23 сакавіка, пра вірус. Магчыма, нешта іншае. Я не ведаю, чаму менавіта зараз вырашылі так жорстка ў адносінах да Сяргея дзейнічаць, затрымаць яго і трымаць пад вартай. Ніякіх падстаў трымаць яго пад вартай, нават калі дапусціць, што ёсць нейкі склад злачынства, няма. Тое, што былі публікацыі, то яны даўно былі. Схавацца ад следства ён не можа, усе межы перакрыты. То навошта яго трымаць пад вартай з хворым сэрцам – у яго ішэмічная хвароба, увесь час на таблетках.
Крымінальная справа, пачатая супраць Сяргея Сацука, тычыцца атрымання хабару. „Ежедневник” і яго рэдактар вядомы вострымі расследаваннямі злоўжыванняў у сферы бізнесу, звязаных з рознымі прыўладнымі групоўкамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота bbc.com