Аляксандр Вайтовіч: Навука перастала быць прэстыжным заняткам
Былы кіраўнік Акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч распавядае, што для навукоўцаў павінна быць на першым месцы: навука ці заробкі?
Днямі кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў агучыў заробкі вучоных. Аспіранты і магістранты атрымоўвалі ў мінулым годзе 2,5-3 мільёны рублёў, а сярэдні заробак па НАН складаў 6 мільёнаў. Як лічыць Гусакоў, навука – гэта месца не для таго, каб зарабляць грошы, а для таго, каб рэалізоўваць патэнцыял і талент.
Дарэчы, 23 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў час уручэння дыпломаў акадэмікам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук заявіў, што ў Беларусі ўдалося пераламаць тэндэнцыю адтоку з навуковай сферы маладых кадраў і моладзь зноў звязвае свой лёс з навукай.
Аляксандр Вайтовіч: У мяне няма статыстыкі заробкаў навукоўцаў, але мне дакладна вядома, што Акадэмія навук фінансуецца дрэнна.
РР: Чаму так адбываецца?
Аляксандр Вайтовіч: Таму што такія адносіны да навукі. Мне падаецца, няма выверанай дзяржаўнай палітыкі ў навуковай сферы. Навука ў загоне. Не ахопліваю сітуцыю ў цэлым па краіне, але гляджу на свой Інстытут фізікі, які паціху дэградуе, хоць і застаецца адным з лепшых інстытутаў Акадэміі і адной з лепшых устаноў краіны. Нагодаў тут шмат, і яны ляжаць у многіх сферах. Але перш-наперш хачу сказаць, што навука перастала быць прэстыжным заняткам. Што б ні заяўлялі, але моладзь туды слаба ідзе. Адбываецца асемінізацыя навукі. Калі такія малыя заробкі яшчэ падыходзяць для жанчыны, то хлопцы павінны сям’ю забяспечваць.
РР: Гусакоў сказаў, што ў навуку ідуць не для таго, каб зарабляць…
Аляксандр Вайтовіч: Можа і так, але за што жыць чалавеку? Есці, апранацца трэба? Калі ёсць сям’я, то дзяцей карміць трэба? Таму неяк дзіўна выглядаюць заявы наконт таго, што грошы – не галоўнае для навукоўцаў. Маладыя і здольныя могуць і ў нейкую фірму ўладкавацца, каб зарабіць болей. Заробак – неабходная частка, бо бясплатна табе ў краме нічога не дадуць, чым бы ты не займаўся.
РР: Якія заробкі ў навукоўцаў з іншых краін?
Аляксандр Вайтовіч: Ва ўсялякім разе большыя, чым у нас. Не скажу, што яны багацейшыя за бізнесоўцаў, але зарабляюць прыстойна. Таму можна доўга пляскаць у далоні з-за поспехаў беларускіх навукоўцаў, але ўсе таксама добра разумеюць – беларуская навука ў цяжкім стане.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя