Аляксандр Вайтовіч: У акадэміі хапае людзей сталага ўзросту
Былы кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч распавёў пра тое, як навукоўцы засцерагаюцца ад каронавіруса.
Па інфармацыі „Еўрарадыё”, работнікаў структурных падраздзяленняў НАН рэкамендуецца „па-магчымасці накіраваць у працоўныя і сацыяльныя адпачынкі на бліжэйшыя 2-3 тыдні”.
Акрамя таго, стала вядома, што каронавірусная інфекцыя пацверджаная ў кіраўніка аднаго з інстытутаў НАН Беларусі.
Аляксандр Вайтовіч: Шчыра кажучы, не чуў пра рэкамендацыі работнікам структурных падраздзяленняў акадэміі ісці ў працоўныя і сацыяльныя адпачынкі на бліжэйшыя 2-3 тыдні, але не выключана і такое.
Я зараз працую ў Акадэміі навук галоўным навуковым супрацоўнікам, таму, магчыма, некаторыя адміністратыўныя звесткі да мяне не даходзяць.
РР: Якія меры перасцярогі прымаюцца ў акадэміі зараз?
Аляксандр Вайтовіч: Антысептыкі павесілі на ўваходзе, таму апрацоўваем рукі. Як жартуе начальства: хоць мыць рукі прывучыліся.
Дарэчы, я таксама чуў, што захварэлі на каронавірус кіраўнікі аднаго з інстытутаў – структурнага падраздзялення Акадэміі навук. Здаецца, намеснік дырэктара прыехаў з замежнай камандзіроўкі з вірусам, а затым перадаў інфекцыю і свайму дырэктару.
Самае прыкрае, што ў акадэміі насамрэч шмат людзей сталага ўзросту, якія, як кажуць, уваходзяць у групу рызыкі.
РР: А чаму не працуеце дыстанцыйна?
Аляксандр Вайтовіч: Гэта магчыма, але некаторую працу даводзіцца рабіць менавіта ў акадэміі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота church.by