Аляксандр Вайтовіч: За кошт кватэр навуку не падымеш



Былы кіраўнік Акадэміі навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч разважае пра тое, як зрабіць працу навукоўцаў больш прэстыжнай.

Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) прапануе прыцягваць моладзь у навуковую дзейнасць магчымасцю атрымаць жыллё пад растэрміноўку без адсоткаў на 20 гадоў, паведаміў старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін. Ці зацікавіць маладых навукоўцаў такая перспектыва.

Аляксандр Вайтовіч: Тое, што прапаноўвае спадар Шумілін, можа і добрая навіна для маладых людзей, якія вырашылі займацца навукай, але гэта абсалютна не выхад з сітуацыі ўвогуле. І не факт нават, што гэтая ініцыятыва знойдзе падтрымку ў дзяржавы. Бо ў такім выпадку могуць задаць пытанне ўрачы альбо настаўнікі: “А чаму мы таксама не можам прэтэндаваць на растэрміноўку без адсоткаў на 20 гадоў?” І гэта будуць вельмі слушныя і лагічныя пытанні, бо праца таго ж настаўніка ці ўрача не менш важная. Так, апошнім часам навукоўцы атрымліваюць зусім мала. Многія не хочуць існаваць за гэтыя капейкі і знаходзяць прымяненне сваім мазгам у іншых месцах, нярэдка – за мяжой. Але ў такім выпадку змяняйце сітуацыю ў цэлым. Ажыяўляйце эканоміку, падымайце заробкі і ўрачам, і настаўнікам, і навукоўцам, і ўсім астатнім. А за кошт ільгот для набыцця кватэр навуку не падымеш.

РР: У савецкія часы дзеячы навукі, напэўна, мелі ільготы і прыстойнае жыллё?

Аляксандр Вайтовіч: Тады была іншая сістэма размеркавання жылля, але я хачу сказаць, што кожны навуковец раней ведаў – яго праца прэстыжная, і без жылля ён не застанецца ў любым выпадку. А зараз гэты прэстыж усё больш і больш падае ўніз. І падняць яго будзе складана. Нават з кватэрамі пад растэрміноўку без адсоткаў. Маладыя навукоўцы павінны ведаць, якая іх чакае будучыня.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя