Аляксандр Янусік: Беларусь ужо амаль 20 гадоў знаходзіцца ў спісе краінаў з праблемамі са свабодай слова



Беларусь ужо амаль 20 гадоў знаходзіцца ў спісе краін з праблемамі са свабодай слова, адзначыў у эфіры нашага радыё карэспандэнт “Рэпартэраў без межаў” у Беларусі Аляксандр Янусік.

Арганізацыя адсочвае ўсе факты пераследу журналістаў і змены заканадаўства, якія не спрыяюць свабоднаму распаўсюду інфармацыі, і сёлета мы адзначаем чарговы наступ на журналістыку ў краіне, адзначыў прадстаўнік арганізацыі.

 – Пайшлі захады, каб кантраляваць інтэрнет. Таксама ёсць вынаходкі чыноўнікаў ці КДБ, якія скарыстоўваюць заканадаўства, каб пакараць журналістаў штрафамі за працу без акрэдытацыі, але гэта нават не штрафы за працу без акрэдытацыі, а за выраб “нелегальнай друкаванай прадукцыі”.

Сёлета беларускія суды ужо прысудзілі чатырох журналістаў да штрафаў. Сярод іх незалежныя журналісты з Гародні, Бярозы ды Берасця.

Журналістыка па-ранейшуму адносіцца да адной з найбольш небяспечных прафесій у свеце. Штогод дзясяткі журналістаў становяцца ахвярамі, як ваенных канфліктаў, так і пераследу з боку аўтарытарных уладаў.

“Наша арганізацыя займаецца, як фіксацыяй парушэння правоў чалавека, так і дапамогай журналістам у скаладаных сітуацыях”, – кажа карэспандэнт міжнароднай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” у Беларусі Аляксандр Янусік.

– Найбольшая небяспека для працы журналістаў у тых рэгіёнах, дзе ідуць ваенныя дзеянні. Самае цяжкае, што можа адбыцца з журналістам, гэта, калі яго забіваюць. У краінах, дзе неспакойная сітуацыя такіх, як Пакістан, гіне шмат журналістаў – і на рэлігійнай глебе і з іншых прычын. Журналісты вельмі неабароненыя. Таксама шмат украінцаў гіне ва Украіне. 

Паводле „Рэпарцёраў без межаў”, за мінулы год стан свабоды слова панізіўся ў большасці краін свету.

Найвялікшае пагаршэнне ўмова працы СМІ назіралася ў 2014 годзе ў крызісных рэгіёнах, сярод якіх Бліжні Усход, Ірак, Сірыя і Украіна.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя