Аляксандр Ярашук: Абуджэнне ёсць і ў працоўных калектывах
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тое, чаму на некаторых прадпрыемствах працоўныя сталі выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў.
Аляксандр Ярашук: Нам стала вядома пра такія факты на некалькіх буйных беларускіх прадпрыемствах. Гэта значыць, што нейкія зрухі ў грамадстве адбываюцца, бо працоўныя – важная частка гэтага самага грамадства.
Не сакрэт жа, што ў афіцыйныя прафсаюзы некаторыя ідуць, як кажуць, у добраахвотна-прымусовым парадку. Наогул складана працаўладкавацца, калі не напішаш заяву, што ўступаеш у афіцыйны прафсаюз.
І гэтым мы істотна адрозніваемся ад іншых краін. Напрыклад, у Расеі, Казахстане ці Азербайджане толькі 30-35 адсоткаў працоўных уваходзяць у склад прафсаюзаў. Ніхто нікога не прымушае, хаця там рэжымы падобныя на беларускі.
І гэта сведчыць пра адно – у тых краінах усё-такі ідуць нейкія эканамічныя рэформы. З’явіўся ўласнік, а дзяржава больш-менш прытрымліваецца нейтралітэту ў тым, што датычыцца традыцыйнага высвятлення адносін паміж працадаўцам і працоўным. А ў Беларусі працадаўца – дзяржава, а таму ўсіх і заганяюць у дзяржаўны прафсаюз.
РР: Чаму ўсё-такі некаторыя працоўныя знайшлі смеласць, каб зараз заявіць аб выхадзе з афіцыйных прафаюзаў?
Аляксандр Ярашук: Таму што ў цэлым па краіне адчуваецца дынаміка незадавальнення дзеючай уладай. Мы бачым абуджэнне грамадства, і гэты працэс закрануў у тым ліку і працоўныя калектывы.
Таму зыходзім з таго, што гэта не нейкія нашы заклікі паўплывалі на выхад працоўных з Федэрацыі прафсаюза, а сама сітуацыя з патрабаваннямі перамен спрыяе гэтаму. І нейкія зрухі ўжо адбываюцца нават у дзяржаўных прафсаюзах. Гэта вельмі абнадзейвае, бо афіцыйныя прафсаюзы – адно з галоўных апірышчаў існуючага рэжыму.
РР: Чаму вы не называеце прадпрыемствы, дзе работнікі выходзяць з афіцыйных прафсаюзаў?
Аляксандр Ярашук: Каб не нашкодзіць самім працоўным, якія прынялі рашэнне выйсці з прафсаюзаў. Скажу толькі, што размова ідзе пра два буйныя беларускія прадпрыемствы, якія знаходзяцца не ў сталіцы.
Дарэчы, ёсць інфармацыя, што пасля гэтага на людзей пачаўся ціск, ім даводзяць, што яны нібыта абавязаны быць у афіцыйным прафсаюзе, а выхад з іх – гэта нанясенне шкоды дзяржаўным інтарэсам. І людзі насамрэч не ведаюць сваіх правоў і часам вераць таму, што ім кажуць. Федэрацыя прафсаюзаў ужо ўспрымаецца, як дзяржаўная структура.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя