Аляксандр Ярашук: Страйк можа адбыцца адзін раз у жыцці
Ці гатовыя працоўныя страйкаваць? Што значыць страйк па-беларуску? Што кажа пра такое выказванне незадавальнення заканадаўства? Ці могуць лідары страйкаў знаходзіцца за мяжой?
Адказамі на такія ды іншыя пытанні падзяліўся „Госць Рацыі” старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у размове з Алісай Поль.
РР: Што такое страйк?
– Страйк – гэта апошняе што маюць у сваім узбраенні рабочыя, працаўнікі для таго, каб бараніць свае правы і інтарэсы. Дарэчы, зыходзячы з гэтага, не так часта адбываецца страйк, але ёсць краіны, дзе часта страйкуюць. Насамрэч страйк, гэта такая аксіёма ў прафсаюзнікаў, можа адбыцца адзін раз у жыцці. Гэта патрабуе сур’ёзнай арганізацыі, гэта патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі. Калі размова ідзе пра класічныя выпадкі страйку ў краінах, дзе пануе дэмакратыя, то канешне там па законе ўсё адбываецца і ніхто не можа пярэчыць гэтай працэдуры. Не ведаю колькі гэты страйк можа адбывацца, ён можа адбывацца на працягу года, такія выпадкі таксама ёсць. Канешне ў гэты час, калі рабочыя не працуюць, то можна сабе ўявіць. Трэба загадзя рыхтавацца і рыхтаваць усё да таго, каб рабочыя неяк зводзілі канцы з канцамі і кармілі сем’і.
РР: Што такое страйк па-беларуску?
– У нас іншая справа, іншы выпадак. У нас апошні страйк адбыўся ў 1995 годзе на менскім метрапалітэне. У нас законна, каб прайсці ўсе этапы гэтай працэдуры, немагчыма правесці страйк. Апошняя перашкода ў тым, што прэзідэнт можа прыпыніць страйк на тры месяцы. У заканадаўстве не прапісана, колькі раз ён можа прыпыняць яго. З 1995 года ў на не было страйкаў. У нас былі нейкія стыхійныя выступы. Тое, што адбывалася ў мінулым годзе, то гэта насамрэч не страйкі, гэта паўстанне. У беларускім заканадаўстве наогул забаронены палітычныя страйкі. З пункту гледжання палітыкі, а не сацыяльна-працоўных адносін, патрабаванне сацыяльна-эканамічных. Гэта ўжо хутчэй за ўсё выцякала з дэкларацыі правоў чалавека, што грамадзяне не могуць нічога зрабіць, супрацьстаяць тым, хто захапіў уладу, яны маюць права на паўстанне. Беларускія рабочыя стыхійна і не здагадваючыся, мала што ведаючы пра дэкларацыю правоў чалавека і пра страйкі, на такі выступ, на такое стыхійнае паўстанне аказаліся гатовыя не на 100%. Гэта не быў такі магутны парыў, калі ўсе ўдзельнічалі, але дастаткова сур’ёзны выступ, каб уявіць сабе на што здольныя ў беларускіх умовах людзі, якіх даўным-даўно адабралі ўсе правы, у тым ліку і права на страйк.
РР: Якія ў Беларусі ёсць формы арганізацыі страйкаў і наколькі гэты працэс магчымы?
– Кожны год, кожны месяц, кожны тыдзень такія рэчы не адбываюцца – гэта можна і без усялякіх ведаў пра страйк казаць. Як не можа адбывацца такі магутны выступ грамадзян, які мы мелі ў жніўні і восенню мінулага года. Казаць пра тое, што сёння беларускія рабочыя гатовыя страйкаваць, перадусім размова ідзе як раз пра страйк не па сацыяльна-эканамічных пытаннях, а хутчэй палітычных. Мы з вамі ўжо не адзін раз казалі, што няма тых чыннікаў, якія б фармавалі незадаволенасць беларускіх працоўных. Заробкі так ці іначай выплачваюцца, падвышаюцца. Канешне інфляцыя, цэны падрастаюць, але ніякага калапсу эканомікі мы не назіраем. Можам казаць, што ў бліжэйшым будучым гэтага не будзе. Ізноў размова ідзе пра тое, што гэта павінен быць не сацыяльны выступ, а палітычны. Калі мы гутарым з прадстаўнікамі розных прадпрыемстваў, мы гэта робім, мы гэтым займаемся. У нас суполкі на самых розных прадпрыемствах, у тым ліку стратэгічных, такіх як „Беларуськалій”, „ГроднаАзот”, „Нафтан”, мазырскі НПЗ, той жа МТЗ, МАЗ. Мы можам бачыць дакладную карціну, што ў людзей няма гатоўнасці страйкаваць. Я не ведаю, можа павінен нейкі цуд здарыцца, што яны выйдуць. Сёння ніякія заклікі з замежжа ці ўнутры краіны не здольныя прывесці да нейкіх масавых страйкаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Аляксандр Ярашук звярнуў увагу, што арганізаваць страйк у цяперашніх беларускіх умовах вельмі складана і з юрыдычнага пункту гледжання фактычна немагчыма. Адзінае, чаго можна чакаць — гэта асобных бунтаў на прадпрыемствах і ўстановах.
Беларускае Радыё Рацыя