Аляксандр Ярашук: Ствараць працоўныя месцы, а не караць тых, хто іх згубіў (абноўлена)



“Дзяржава займаецца дзейнасцю, скіраванай супраць народа Беларусі”, – так каментуе прыняцце дэкрэта аб «дармаедах» дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў старшыня кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

«Трэба ствараць працоўныя месцы, а не караць тых, хто іх згубіў», – кажа прафсаюзны лідар:

– Трэба стварыць умовы, каб развіваўся буйны, сярэдні і малы бізнес, каб ствараліся новыя працоўныя месцы. Тады сотні тысяч знойдуць сабе месца ў краіне. Гэтым патрэбна займацца.

Згодна з дэкрэтам, грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у краіне і асобы без грамадзянства, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні меньш за 183 каляндарныя дні ў годзе, павінны выплачваць збор. Ён складае 20 базавых велічынь.

Паводле экспертаў, у Беларусі налічваецца каля 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесці да так званых „сацыяльных утрыманцаў”.

* * *

Улады называюць гэта дэкрэтам аб стымуляванні занятасці грамадзянаў. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук кажа, што сама дзяржава вінавата ў тым, што людзі не могуць знайсці сабе дастойную, прыбытковую працу, а таксама вымушаныя працаваць неафіцыйна.

– Каму насамрэч якая справа да таго, працуе чалавек, ці не. Гэта асабістае права грамадзяніна. Гэта не абавязак яго, не кастытуцыя СССР, што праца з’яўляецца абавязкам грамадзяніна. Калі будуць уведзеныя такія прававыя нормы, дэкрэты, то ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе, што маем справу з прымусам да працы. Прымусовая праца асуджаецца сусветнай супольнасцю, існуюць адпаведныя канвенцыі. Гэта вельмі заганная, дрэнная рэч.

Працаваць – гэта асабістае права грамадзяніна, а не абавязак, як гэта было прапісана ў савецкай канстытуцыі. Але ж мы жывём паводле Канстытуцыі Беларусі, – падкрэслівае Аляксандр Ярашук.

* * *

«Пакуль ніхто не бачыў праекта дэкрэта аб тунеядцах, але, згодна з разважаннямі чыноўнікаў, размова ідзе пра тое, што беспрацоўныя нібыта карыстаюцца бясплатнай медыцынай», – каментуе старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук паступленне праекта дэкрэта па стымуляванні занятасці грамадзянаў Беларусі ў Савет міністраў.

– Размова можа весціся толькі пра адно – пра паслугі ў сферы аховы здароўя. У гэтым выпадку ўсё проста вырашаецца, не трэба ніякіх дэкрэтаў. Калі грамадзянін нідзе не працу, увядзіце парадак, згодна з якім ён павінен выкупляць медыцынскую страхоўку, ці аплочваць наведванне ўрача, наведванне паліклінікі, або той час, калі ён знаходзіцца ў шпіталі. І не трэба нічога выдумляць.

«Эканамічная мадэль Лукашэнкі збанкрутавала. Буйныя прадпрыемствы страцілі канкурэнтаздольнасць. А гэта пацягнула скарачэнні. Роля такіх прадпрыемстваў у сферы занятасці насельніцтва рэзка знізілася, паўстала праблема беспрацоўя, якую дзяржава не ведае, як вырашаць, – кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя