Аляксандр Ярашук: Трэба спыніць гэты серыял
Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тое, якім чынам можна вырашыць канфлікт у ПЭН-цэнтры.
Нагадаем, што спрэчкі ў ПЭН-цэнтры працягваюцца ўжо не першы дзень і заканчэння пакуль не бачна.
Аляксандр Ярашук: Канфліктуючым бакам трэба разумець, у якім стане мы знаходзімся. У краіне ніякай лібералізацыі не адбылося, мы па-ранейшаму застаемся ў рэзервацыі. І гэтае разуменне павінна дыктаваць нашыя паводзіны. Калі вельмі свярбіць, то свае эмоцыі можна праяўляць у любой форме, але ні ў якім разе не выносіць гэта ў публічную прастору.
Мне падаецца, што зараз кожны павінен не скубці чубы іншым, а разумець сваю адказнасць перад краінай. Гэта ж сорам! Падчас абмеркавання пачалася ўжо нават не дыскусія, там адкрыта пераходзяць на абразы. Ужываюцца такія эпітэты, што вушы вянуць. Гэта за мяжой таго, што людзі наогул могуць сабе дазваляць, хаця ўсе мы на адным баку барыкад.
РР: На ваш погляд, канфлікт вырашыцца?
Аляксандр Ярашук: Павінен вырашыцца, бо, як мне падаецца, людзі з дэмакратычнымі поглядамі спыняць публічнае высвятленне адносін і сутыкненне светапоглядаў.
Я ў свой час казаў і зараз паўтараю, што ў нашых умовах няма іншага выйсця, як усім аб’яднацца і прыпыніць усялякія размовы пра “правых” і “левых”. Разумею, што пра гэта лёгка казаць, але складана зрабіць, але якія іншыя варыянты? У тым жа 2006 годзе ў апазіцыі атрымлівалася з’яднацца, каб годна выглядаць у вачах грамадства і кансалідаваць усіх тых, хто за перамены ў краіне.
Таму і канфліктуючым бакам у ПЭН-цэнтры варта тэрмінова спыніць усе разборкі, якія нагадваюць дрэнны серыял. Гэта выглядае вельмі непрыгожа. Не трэба распальваць варожасць сярод сваіх.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя