Аляксандр Ярашук: У сферы працоўных адносінаў замацаваны таталітарызм



Беларускія працоўныя патрабуюць абароны сваіх правоў. “Сітуацыя з абаронай правоў працоўных мае толькі адну тэндэнцыю – да пагаршэння”. Такое меркаванне ў інтэрв’ю для нашага радыё выказаў пераабраны на пасаду старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:

– Cлавуты дэкрэт №3 аб „дармаедах”. Дэкрэт №5, можа менш вядомы, але не менш небяспечны, а можа і больш небяспечны для працоўных. І дэкрэт №29, які ўжо дзейнічае шмат гадоў, дакладней, 18 гадоў, які  ўвёў сістэму кароткатэрміновых кантрактаў. І вось гэтая трыяда дэкрэтаў адбудавала ў сферы працоўных адносінаў таталітарызм.

Як адзначае прафсаюзны лідар, з аднаго боку ідзе пастаяннае парушэнне правоў працоўных, а з іншага – цяжка прадказаць наступствы такой палітыкі цяперашняга кіраўніцтва краіны:

– У час, калі краіна перажывае востра-сацыяльны эканамічны крызіс, калі так патрабуецца сёння лібералізацыя, эканамічныя рэформы, стварэнне спрыяльнага клімату для прыцягнення інвестцыяў, для ажыццяўлення мадэрнізацыі, для таго, каб развіваўся малы і сярэдні бізнес прадпрымальніцтва, то бок сітуацыя патрабуе шрубы адкручваць, а яны наадварот закручваюцца.

У Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў лічаць, што далейшае развіццё сітуацыі – даволі не прадказальнае.

Адзначым, што днямі прайшоў справаздачна-выбарчы з’езд арганізацыі, падчас якога прынялі рэзалюцыі  аб парушэнні правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі, аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і цяжкім стане працоўных, а таксама аб скасаванні прымусовай працы.

Беларускае Радыё Рацыя