Аляксандр Ярашук: Я выклікаў агонь на сябе



Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў, чаму зараз атрымлівае шмат крытыкі і абразаў на свой адрас.

Нагадаем, што днямі Аляксандр Ярашук выказаўся супраць санкцый з боку Міжнароднай арганізацыі працы.

Аляксандр Ярашук: З нагоды санкцый я ўжо выказаў сваю пазіцыю, і сто разоў яе паўтараць не буду. Хто хацеў пачуць – той пачуў. Хто не хоча нічога слухаць – не дагрукаешся.

Я – не садамазахіст, які атрымлівае задавальненне, калі мяне бэсцяць і паліваюць брудам у сацыяльных сетках, але ў сваім узросце таксама магу мець сваё меркаванне і дбаць пра тых людзей, чый лёс ад мяне ў той ці іншай ступені залежыць. Гэты і тыя, хто знаходзіцца ў Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў, і сябры незалежных прафсаюзаў.

Хачу сказаць, што зараз на незалежныя прафсаюзы на тым жа “Гродна-Азоце”, на “Беларуськаліі”, “Нафтане” і іншых прадпрыемствах ідзе шалёны ціск з адной нагоды – вы, маўляў, выступаеце за санкцыі. Таму некаму трэба было выклікаць агонь на сябе, і я яго і выклікаў. Бо разумею, што адказваю і за справу, і за людзей.

РР: Тыя, хто вас крытыкуе, прытрымліваюцца іншага меркавання…

Аляксандр Ярашук: Незалежныя прафсаюзы абараняюць працоўных, бо гэта іх заробкі, іх працоўныя месцы. А любыя санкцыі – гэта абмежаванні. Калі яны пачынаюцца, то пакутуюць не розныя рэжымы і сілавікі, а найперш – простыя працоўныя. Таму тэма санкцый вельмі неадназначная, і тут не бывае простых рашэнняў.

РР: Заходнія санкцыі зараз прымаюцца пасля пасадкі ў Беларусі самалёта Афіны-Вільня.

Аляксандр Ярашук: Такую рэакцыю Захада можна зразумець, яны прымаюць такія рашэнні, каб абараняць сваіх грамадзян. І асуджаць іх за гэта не збіраюся.

Але ў той жа час я заявіў пра наступствы гэтых санкцый для беларусаў, за што і атрымаў шмат крытыкі. Калі ідзеш сваім шляхам, то будзь гатовы, што будуць біць і левыя, і правыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелаПАН