Аляксандра Шведа пакаралі за фатаграфаванне акцыі
Актывіста прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці з Баранавіч Аляксандра Шведа суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Аксана Копач пакарала штрафам у 10 базавых велічынь за здымкі падчас акцыі 26 сакавіка.
І гэта нягледзячы на інваліднасць Шведа і тое, што ён трое сутак адбыў у ізалятары часовага ўтрымання, кажа Аляксандр Швед:
– Фатаграфія – маё хоббі. Я прыйшоў і рабіў фотаздымкі. І зараз мяне абвінавачваюць за тое, што фатаграфаваў і размясціў фота у “Аднакласніках”, “УКантакце” і на “Фэйсбуку”.
Паводле праваабаронцы Сяргея Гоўшы, спачатку Шведа абвінавацілі ў арганізацыі і правядзенні акцыі на плошчы горада 26 сакавіка.
Сведкаў на судзе не было. Разглядалі толькі міліцэйскі пратакол. Адвакат Шведа Пятровіч Карней даходліва даказаў, што Швед не парушаў ніякіх законаў, складу правапарушэння не было і прасіў справу спыніць.
Беларускае Радыё Рацыя