Аляксандра Вайцешыка апыталі ў Нясвіжскім РАУС



Сябра Праваабарончага цэнтра „Вясна” Аляксандра Вайцешыка апытвалі ў Нясвіжскай міліцыі ў прысутнасці адваката амаль тры гадзіны.

Апытанне праводзіў капітан міліцыі і старшы ўчастковы інспектар Максім Хвіцько ў фае РАУСа, але пратакол складзены так і не быў, кажа Аляксандр Вайцешык:

– Расказаў, што я нічога не парушаў і ў мяне ёсць сведкі: Шчапёткіна Тамара, Чарнавус Мікалай і Гоўша Сяргей. Я хадайнічаў, каб іх апыталі. Ён маё хадайніцтва задаволіў. Мы папрасілі, каб далучылі да матэрыялаў справы відэа, якое здымаў другі ўчастковы міліцыянер.

Паводле Аляксандра Вайцешыка, апытвалі ў фае таму, што ён адмовіўся здаць усе асабістыя рэчы ў сейф. Хадайніцтвы аб спыненні справы ў сувязі з адсутнасцю склада правапарушэння і пераносе суда ў Баранавічы  былі адхілены. 2 сакавіка Вайцешык павінен з’явіцца ў аддзел міліцыі для складання пратакола.

Нагадаем, што праваабаронца быў затрыманы ў Снове, калі спрабаваў прайсці на сход як давераная асоба Вячаслава Сырыцы, якого пазбаўлялі звання „Ганаровага работніка” і выключылі з членаў агракамбіната.

Беларускае Радыё Рацыя