Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік як асобы, якія схільныя да экстрэмізму
Журналіст Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна, якія знаходзяцца пад вартай, пастаўленыя на ўлік у якасці асобаў, схільных да экстрэмізму.
Паводле звестак БелаПАН з вартых даверу крыніц, на мінулым тыдні іх выклікалі „на камісію” і праінфармавалі пра пастаноўку „на прафілактычны ўлік як асоб, схільных да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеянняў”.
Зараз з імі будуць праводзіць рэгулярныя гутаркі ўпаўнаважаныя для гэтага супрацоўнікі.
Раней на падобны ўлік паставілі асуджаную журналістку тэлеканала „Белсат” Кацярыну Андрэеву, якая цяпер утрымліваецца ў СІЗА Жодзіна (Менская вобласць).
Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. 14 студзеня ў межах расследавання справы Аляксандрава прайшоў вобшук у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014—2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара.
Журналіст і яго дзяўчына падазраюцца ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці. „Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэстных акцыях на тэрыторыі горада Мінска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей”, — заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш як 250 штрафаў на розныя прозвішчы. Грашовыя сродкі для гэтых мэтаў вылучыў фонд By_help.
Аляксандрава абвінавачваюць на падставе частак 1 і 2 артыкула 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці). У той жа час праваабаронцы сцвярджаюць, што аплата штрафаў не з`яўляецца фінансаваннем групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Як патлумачыў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калі б Аляксандраў іх сапраўды фінансаваў, яго мэты і намер былі б скіраваныя на тое, каб плаціць грошы людзям за здзяйсненне канкрэтных дзеянняў.
„У дадзеным выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасцю, таму што грошы былі сабраныя людзьмі для таго, каб каму-небудзь дапамагаць. Гэта законная дзейнасць. У дадзеным выпадку нават з боку падатковых органаў не магло быць ніякіх пытанняў”, — падкрэсліў Стэфановіч.
Ён лічыць выстаўленае абвінавачванне недарэчным і звязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасцю Аляксандрава. Таксама, паводле слоў Стэфановіча, артыкул 342, паводле якога абвінавачваюць Аляксандрава, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, і для ўзяцця абвінавачанага пад варту следству патрэбная сур`ёзная матывіроўка — што Аляксандраў небяспечны для грамадства ці што ён можа ўздзейнічаць на сведкаў і пацярпелых і гэтак далей. „Як я разумею, ніякай матывацыі ў дадзеным выпадку не было”, — сказаў праваабаронца.
Тэрмін зняволення Аляксандрава і Злобінай працягнуты да 12 красавіка. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.