Аляксандру Кабанаву не дазволілі прысутнічаць на пасяджэннях райвыканкама



Бярозаўскія ўлады забаранілі сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандру Кабанаву прысутнічаць на пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта. Бярозаўскі раённы савет дэпутатаў адмовіўся паведамляць яму пра сесіі дэпутатаў, на якіх Кабанаў таксама жадае прысутнічаць.

Актывіст лічыць, што ўлады парушаюць яго канстытуцыйныя правы, кажа Аляксандр Кабанаў:

За мяне па іхніх жа звестках прагаласавала 6% і мне хацелася б гэтай вызначанай катэгорыі людзей даносіць інфармацыю пра тое, што вырашаецца на гэтых пасяджэннях, нарадах, што вырашаюць Саветы мясцовых дэпутатаў, чым яны там займаюцца. То бок весці грамадскі кантроль над іх працай. Па нашым заканадаўстве я маю права на такі кантроль.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржука Русецкага, гэтае права абмяжоўваецца ўнутранымі распарадкамі выканкама. Што дазваляецца законам аб Мясцовым кіраванні і самакіраванні. На пасяджэннях Бярозаўскага райвыканкама могуць прысутнічаць толькі запрошаныя чыноўнікамі.

Паводле Аляксандра Кабанава, таемная праца ўлады дае магчымасць маніпуляваць фінансамі. Калі на патрэбы народа грошай ніколі няма. Такім чынам зэканомленыя на народзе сродкі абарочваюцца для райвыканкамаўскай эліты немалымі прэміяльнымі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя