Аляксандру Кабанаву ўручылі чарговую позву ў міліцыю
У ізалятары часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС падчас пяцісуткавай адсідкі блогеру Аляксандру Кабанаву ўручылі чарговую позву.
Ён павінен з’явіцца менавіта ў аддзел міліцыі Ленінскага раёна Берасця 26 кастрычніка а 16-й гадзіне, кажа Аляксандр Кабанаў:
– Хоць ведаюць, што ў панядзелак у 5.30 выходжу, магу прыйсці ў аўторак, сераду, чацвер. У сераду ці чацвер мяне могуць завезці ў суд, а суд жа можа мяне вызваліць. І я на выхадныя буду на волі. А гэтага нельга дапусціць. Таму павестка на пятніцу. Людзі гэта ўсё бачаць. І пачынаюць разумець, што нашая ўлада і міліцэйскія начальнікі – гэта сапраўдныя нягоднікі.
Паводле сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржука Русецкага, берасцейская міліцыя магла перадаць складанне пратакола ў Бярозу і нават разгляд справы ў судзе. І такое жорсткае стаўленне да актывіста сведчыць аб яго пераследзе з мэтай не дапусціць удзел блогера ў чарговую нядзелю у маўклівым пратэсце супраць акумулятарнага завода. Няма сумневу, што ў пятніцу 26 кастрычніка Кабанаў будзе зноў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Беларускае Радыё Рацыя