Аляксандру Кабанаву зрабілі КТ і тэст на каронавірус
Пнеўманія ў лёгкай форме – такі дыягназ мае блогер, адзін з лідараў пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Аляксандр Кабанаў. Грамадскі дзеяч быў шпіталізаваны з падазрэннем на каронавірус. Вынікаў тэсту пакуль няма, – адзначыў актывіст Андрэй Сліж:
– Хоць ён і казаў, што перад адседкай у яго была ўжо невялікая тэмпература, але, хутчэй за ўсё, магчымы яшчэ адзін з варыянтаў, чаму садзяць на суткі. Забіраюць, каб спецыяльна заразіць людзей. Гэта ўжо прынцып у лепшых традыцыях НКУС. Калі заражаных туберкулёзам падсаджвалі да здаровых людзей, каб заразіць іх. Таксама і тут, можа, іх спецыяльна трымаюць на сутках.
Аляксандру Кабанаву зрабілі здымак з дапамогай камп’ютарнай тамаграфіі. Яна выявіла правабаковую пнеўманію ў лёгкай форме. Тэст на каронавірус будзе гатовы праз пяць-дзесяць дзён.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце