Аляксандру Сахаруку вярнулі сцяг



Бел-чырвона-белы сцяг вярнуўся да гаспадара.

12 чэрвеня берасцейскаму вэтэрану-«афганцу» Аляксандру Сахаруку, у якога міліцыя забрала 9 траўня публічна ўзняты ў час афіцыйнага шэсця бел-чырвона-белы сцяг, патэлефанавалі з Ленінскага РАУС. Яму сказалі прыйсці і забраць свае рэчы. Сахарук, асцерагаючыся падвоху, адмовіўся ісці без позвы. Тады міліцыянт паведаміў, што можна прыйсці ў любы час і забраць. Каб пазбегнуць магчымых правакацый, Сахарук пайшоў у міліцыю з праваабаронцам Уладзімірам Малеем.

Кажа Аляксандр Сахарук:

Я напісаў распіску і забраў свой сцяг. Экспертыза, як я зразумеў, праводзілася. Але якая экспертыза? Я ж купіў гэты сцяг у краме. Я буду настойваць, каб рашэнне той экспертызы было ў мяне на руках, каб у будучыні я мог карыстацца гістарычным сцягам на законнай аснове. Сцяг прадаецца – значыць ім можна карыстацца.

9 траўня Аляксандра Сахарука затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг на афіцыйным мерапрыемстве і спрабавалі звінаваціць у парушэнні “правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў”. Міліцыянты да суда змясцілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця. Пасля тлумачэнняў адпусцілі. Суда так і не адбылося.

Беларускае Радыё Рацыя