Аляксандру Васілевічу яшчэ на месяц працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Сузаснавальніку анлайн-часопіса KYKY і гарадской інтэрнэт-газеты The Village Belarus Аляксандру Васілевічу яшчэ на месяц працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, напісала 25 лістапада на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” яго жонка Надзея Зелянкова.
Яна паведаміла, што 23 лістапада суд разгледзеў іск аб змене Васілевічу меры стрымання, аднак не задаволіў яго. Зелянкова заявіла, што яе муж ні ў чым не вінаваты і даў следству „ўсе звесткі, якія неабходныя для прызнання невінаватасці”.
„Саша сядзіць у камеры на 12 чалавек, дзе ў людзей запаляюцца ад холаду суставы, — адзначыла яна. — Пасылкі даходзяць цяпер за тыдзень-паўтары, траплянне кнігі — свята! І мы ўсе — закладнікі сітуацыі, таму што ўсё, што мы робім, кажам, пішам, можа быць выкарыстанае супраць яго”.
Мінулым разам Зелянкова паведамляла пра працяг Васілевічу тэрміну ўтрымання пад вартай 27 кастрычніка.
У канцы ліпеня Аляксандра Васілевіча арыштавалі на 14 сутак пасля таго, як ён прыйшоў у будынак КДБ з хадайніцтвам аб змене меры стрымання экс-банкіру і экс-прэтэндэнту ў прэзідэнты Віктару Бабарыку.
Бізнесмен зноў быў затрыманы 27 жніўня, пасля вобшуку дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў офісе агенцтва Vondel/Hepta. Прычыну вобшуку супрацоўнікам не растлумачылі і ўзялі з іх падпіску аб нераскрыванні. У офісе дыджытал-агенцтва Red Graphic, якім валодае Зелянкова, таксама быў праведзены вобшук. Вобшук прайшоў і дома ў дырэктара часопіса KYKY Сашы Раманавай.
Увечары таго ж дня Зелянкова паведаміла, што знаходзіцца дома, а яе муж афіцыйна затрыманы. „У мяне падпіска аб нераскрыванні, таму тэлефанаваць мне бессэнсоўна, я нічога не магу вам сказаць”, — напісала яна.
У чым абвінавачваецца бізнесмен, да гэтага часу не паведамляецца. Васілевіч прызнаны палітзняволеным.
10 кастрычніка Васілевіч узяў удзел у размове з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Акрамя яго на сустрэчы прысутнічалі Віктар Бабарыка, яго сын і кіраўнік перадвыбарнага штаба Эдуард Бабарыка, палітычны кансультант Віталь Шкляраў, медыятар Лілія Уласава, юрысты Максім Знак і Ілья Салей, палітолаг і актывіст Юрый Васкрасенскі, дырэктар ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, Кірыл Бадзей, які займаў да арышту пасаду в.а. старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, Сяргей Дабралёт, былы намеснік старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, і Сяргей Ціханоўскі, відэаблогер, аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця”, муж экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
На наступны дзень двум удзельнікам — Васкрасенскаму і Рабцэвічу — была змененая мера стрымання на хатні арышт (пасля Васкрасенскаму адмянілі хатні арышт). Увечары 13 кастрычніка пад падпіску аб нявыездзе выпусцілі яшчэ двух фігурантаў „справы PandaDoc” — галоўнага бухгалтара Юлію Шардыку і HR Уладзіслава Міхалапа. 16 кастрычніка на хатні арышт былі пераведзеныя Уласава, Салей і Шкляраў. 19 кастрычніка меру стрымання на падпіску аб нявыездзе змянілі Шкляраву, 23 кастрычніка — Уласавай.