Аляксей Дзікавіцкі: Хоць шансаў і не шмат, але гэты шлях трэба прайсці
Адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падалі апеляцыйную скаргу на вырак дзяўчатам у Менскі гарадскі суд. Асноўныя тэзісы абароны агучыў адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі. Ён лічыць, што падзеі 15 лістапада наогул нельга назваць дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Міжнародна-прававыя нормы гарантуюць грамадзянам права на мірныя сходы. І 15 лістапада грамадзяне рэалізоўвалі сваё права, лічаць адвакаты. Суд першай інстанцыі не выявіў фактаў, якія даказваюць віну журналістак. Кажуць адвакаты і кіраўніцтва тэлеканала «Белсат».
Намеснік дырэктара Аляксей Дзікавіцкі ў нашым эфіры заўважыў, хоць шансаў і не шмат, але гэты шлях трэба прайсці.
– Адсотак удалых касацыяў, я вам зараз не скажу дакладна колькі, але гэта менш аднаго адсотка па статыстыцы. Таму асаблівай надзеі на тое, што раптам правасуддзе будзе дзейнічаць, раптам пачнуць працаваць законы, няма. Але тым не менш трэба прайсці ўсю працэдуру, каторую нават гэтае заканадаўства, якое не выконваецца дзяржавай, прадугледжвае. Ну і будзем чакаць разгляду. На гэты час, на жаль, нашы дзяўчыны застаюцца ў турме на Валадарскага ў чаканні суда вышэйшай інстанцыі.
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. 20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў журналістак двума гадамі пазбаўлення волі.
Цалкам размова з Аляксей Дзікавіцкім:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя