Аляксей Дзікавіцкі: Міжнародная рэакцыя – мае значэнне
Міжнародная рэакцыя – мае значэнне. Судзяць журналістак «Белсата» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.
Іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Абедзве прызнаныя палітвязнямі, у іх абарону выступілі буйныя журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі Еўропы. У межах міжнароднага праекту салідарнасці з палітвязнямі «хросным» Кацярыны Андрэевай стаў сусветна вядомы нямецкі філосаф Юрген Габэрмас. А Дар’ю Чульцову пад апеку ўзяла дэпутат літоўскага Сейму Даля Асанавічутэ. За міжнароднай рэакцыяй сочаць і асобы ў Беларусі, якія павінны прымаць рашэнне. Кажа намеснік дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі:
– Так званы суд, магчыма, сам не ведае, што рабіць. Дагэтуль з паказанняў сведкаў сведчыць, што нашыя дзяўчыны нічога супрацьзаконнага не рабілі. Суд сам чакае званок зверху, закон увогуле ніякі не працуе. Таму, хутчэй за ўсё, яны таксама будуць глядзець, я маю на ўвазе тых, хто аддае загады судам, на міжнародную рэакцыю, на тое, як на гэта рэагуюць у Беларусі і з улікам гэтага будзе вырашацца ў апошні момант, які вырак прысудзіць дзяўчынам.
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, куды іх запрасілі гаспадары.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя