Аляксей Дзікавіцкі: Нас вельмі цешыць падтрымка нашых телегледачоў
Практычна ледзь не штодня прыходзіць інфармацыя пра затрыманне журналістаў у Беларусі перад або пасля правядзення палітычных акцыяў. І найчасцей гаворка пра журналістаў з “Белсату”.
Госцем Радыё Рацыі ёсць віцэ-дырэктар тэлебачання “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі.
РР: Спадар Аляксей. Пра ўласны боль. Больш за 120 тысячаў даляраў штрафу павінны заплаціць нашы журналісты за сваю працу. Але сёлета хіба не толькі гэта перашкаджае нармальна працаваць нашым калегам?
Аляксей Дзікавіцкі: Канешне, мы маем дачыненне сёлета з узмоцненымі рэпрэсіямі супраць нашых журналістаў. Трэба сказаць, што апошні месяц, ці два месяцы – гэта проста практычна штодзённыя затрыманні, пратаколы, канфіскацыя тэхнікі. У дадзеным выпадку грашовыя сродкі маюць, канешне, вялікае значэнне. Гэта вялікія грошы, якія мы вымушаны аддаваць у бюджэт. Але найбольш істотна – гэта проста цяжкая сітуацыя, цяжкія ўмовы, пры якіх працуюць нашы журналісты. Калі вас выклікаюць пару разоў на тыдзень ці то на допыт, ці то на суд, а то яшчэ каб даваць нейкія тлумачэнні. Гэта проста вельмі цяжка псіхалагічна для нашых калег і я вельмі цаню тое, што яны такія ўстойлівыя і адважныя ў такой сітуацыі.
РР: Сёлета нават Змітра Лупача з Глыбокага, а таксама Міхася Аршынскага з Магілёва ўвогуле ўкінулі на 15 дзён за краты. Звычайна гэта робяць з палітычнымі актывістамі, а не з журналістамі.
Аляксей Дзікавіцкі: Дакладна. У нас у прынцыпе, калі вось заходнія калегі часта пытаюцца: ну як у вас там справы, як працуецца ў Беларусі? Калі ў нас нікога не пабілі і ніхто не сядзіць – гэта значыць добра. Ну тады яны здзіўляюцца, гэта што за ўмовы такія, што вы лічыце гэта добрым. А вось сёлета мы маем дачыненне з тым, што ўжо людзей пачынаюць затрымліваць, мала таго, нават ёсць спробы змяніць артыкул. Не праца без акрэдытацыі, а ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. За што, вядома, можна не толькі аштрафаваць, але і атрымаць суткі.
РР: Гэта само па сабе абсурд, таму што журналіст мусіць працаваць нават тады, калі мерапрыемства сапраўды несанкцыянаванае, нават калі яно сапраўды незаконнае, журналіст мае права гэта асвятляць.
Аляксей Дзікавіцкі: Ну дакладна. Канешне, гэтыя ўсе пратаколы і гэтыя ўсе абвінавачванні абсурдныя. Таму што калі аператара, ці журналіста, які вядзе стрым, абвінавачваюць, што ён размахваў рукамі. Цікава, як бы гэта насамрэч выглядала, калі журналіст з апаратурай, з мікрафонам размахваў рукамі. Гэта ўсё, канешне, падлог, і гэта фальшыўкі. Але, на жаль, з такім абсурдам сутыкаюцца журналісты, якія працуюць у Беларусі. І падкрэслю, перадусім журналісты “Белсату”.
РР: Падвышаецца градус ціску з боку дзяржавы, але адначасова павялічваецца падтрымка саміх беларусаў. Бачым, як расце аўдыторыя тэлеканалу “Белсат”. Прынамсі, гэта лёгка паглядзець на ютубе – сотні тысячаў праглядаў пад выданнямі навінаў. І адначасова, калі журналістаў затрымліваюць у рэгіёнах, мясцовыя РАУС разрываюць тэлефанаванні нашых гледачоў, якія патрабуюць паведаміць, што з імі адбываецца.
Аляксей Дзікавіцкі: Гэтая салідарнасць – вельмі дорага каштуе, скажам так. На гэта мы, у прынцыпе, і працавалі шмат гадоў. Бо калі нашы журналісты, напрыклад, Галіну Абакунчык, ці там Кацю Андрэеву пазнаюць масава, і не толькі ўдзельнікі нейкіх апазіцыйных мерапрыемстваў, але і ўвогуле на вуліцах. Падыходзяць, выказваюць словы падтрымкі і гэта вельмі істотна. Істотна таксама падтрымка Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама ўвогуле журналісцкай супольнасці. Але падтрымка і любоў нашых гледачоў перадусім гэта найважнейшае. Мы вельмі з гэтага цешымся.
Цалкам размова:
Сёння – 7 жніўня – а 19-й гадзіне ў Варшаве пройдзе пікет салідарнасці пад амбасадай Беларусі, які арганізоўваюць экс-кандыдат на прэзідэнта Шыман Галоўня, а таксам Беларускі Дом у Варшаве.
Размаўляў Адам Завальня.