Аляксей Дзікавіцкі пра ператрус: Гэта не спыніць працу “Белсата”



Улады зачышчаюць інфармацыйнае поле перад меркаванымі “выбарамі”. Гэтак у інтэрв’ю нашаму радыё пракаментаваў учорашні ператрус у менскім офісе “БелсатаАляксей Дзікавіцкі.

Віцэ-дырэктар тэлеканала зазначыў, што рэпрэсіі супраць журналістаў розных выданняў, а таксама пераслед абаронцаў Курапатаў – гэта падзеі аднаго ланцуга:

Памятаем таксама пра тое, што летась нашыя калегі пацярпелі ў так званай «справе БелТА». Гэта быў вельмі маштабны пераслед незалежных СМІ. І нават было неяк дзіўна, што мы тады не падпалі пад гэты каток рэпрэсійнай машыны. Але цяпер, пэўна, улады вырашылі пачаць крымінальную справу, каб чарга дайшла і да нас.

Аляксей Дзікавіцкі таксама зазначыў, што такія дзеянні ўладаў не здольныя перапыніць працу тэлеканала:

– Гэткія крокі, хоць і вельмі непрыемныя для нас, натуральна, не ёсць тым, што можа спыніць працу «Белсата», асабліва цяпер, на такім узроўні тэхналагічнага развіцця, якое значна вышэйшае, чым 11 гадоў таму. Цяпер можна здымаць мабільным тэлефонам, можна значна лягчэй перасылаць відэа і гэтак далей. Таму рэальнага ўплыву на якасць працы «Белсата» такія рэчы не маюць. Яны накіраваны на тое, каб нашкодзіць хаця б у нейкіх дробных рэчах.

Учора на працягу 4 гадзінаў у менскім офісе “Белсата” праводзілі вобшук. Міліцыянты намагаліся ўварвацца ў памяшканне праз спілаванне дзвярэй “балгаркаю”. Свае дзеянні яны патлумачылі пастановай Следчага камітэта, які пачаў крымінальную справу паводле абвінавачання “Паклёп”. Гаворка ідзе пра непраўдзівую інфармацыю, змешчаную на інтэрнэт-старонцы тэлеканала праз тэхнічную памылку летам мінулага года. Неўзабаве пасля інцыдэнту “Белсат” выправіў недагляд, публічна зняпраўдзіў апублікаваную раней навіну і папрасіў прабачэння.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by