Аляксей Дзікавіцкі: «У Крамлі заўважылі наш сціплы высілак»
Тэлеканал “Белсат” атрымае 20 мільёнаў злотых з польскага бюджэту. Пасля доўгага змагання і асабліва складанага мінулага года надышоў час большай фінансавай упэўненасці, гаворыць намеснік дырэктара “Белсату” Аляксей Дзікавіцкі:
— Мы маем гарантаваныя 20 мільёнаў злотых у польскім бюджэце. Гэтыя грошы маюць быць выдаткаваныя менавіта на «Белсат», гэтак, так званыя, мэтавыя сродкі. Бюджэт «Белсата» — гэта прыкладна 28 мільёнаў. Мы спадзяёмся рэшту грошай атрымаць ад Польскага грамадскага тэлебачання, а таксама, магчыма, ад нейкіх грантадаўцаў.
Тым часам, у Беларусі працягваюцца пастаянныя суды над журналістамі. А расейскамоўную перадачу, арыентаваную на Расею і Цэнтральную Азію, заўважылі ў Крамлі, чаму прыклад нядаўняя атака крамлёўскіх троляў – тысячы дызлайкаў на Ютуб-канале:
— У Крамлі заўважылі наш сціплы высілак і пачынаюць ужо неяк супрацьдзейнічаць. Мы ж са сваёй 25-хвіліннай праграмай не з’яўляемся нейкая глабальнай станцыяй, якая вяшчае 24 гадзіны па-расейску на ўсю тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. І, калі б гэта было так, дык я разумею,што супраць нас ужо б вывелі цяжкую зброю, але яны заўважылі нават 25 хвілін.
Аляксей Дзікавіцкі дадае, што перад расейскімі выбарамі прэзідэнта, на “Белсаце” з’явіцца адмысловая чатырохсерыйная перадача на расейскай мове.
Адначасова, намеснік дырэктара тэлеканалу зазначыў, што менавіта беларуская мова застаецца і заўсёды будзе прыярытэтам для “Белсату”.
Поўную гутарку з Аляксеем Дзікавіцкім слухайце ў далучаным гукавым файле:
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя