Аляксей Дзікавіцкі: Задушыць вольнае слова немагчыма
Апантанасць беларускіх уладаў у тым, каб задушыць любое вольнае слова, дасягнула мяжы. Так кажа намеснік дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.
Журналісты тэлеканала заўсёды сутыкаліся з перашкодамі ў працы ў Беларусі, справа tut.by i „Прэс-клубу. Беларусь», у зняволенні зараз знаходзяцца 34 супрацоўнікі медыя, некаторыя – пад адміністрацыйным арыштам, іншыя – пад крымінальным пераследам. І апошняя сітуацыя, з затрыманнем блогера Рамана Пратасевіча, з перахопам самалёта ў небе Беларусі, паказвае, што на гэта ўлады не шкадуюць ні бюджэтных сродкаў, ні людскіх рэсурсаў:
– Такая шалёная апантанасць. Задушыць гэта немагчыма. Адкідаючы тое, што на гэта ідуць вялікія сродкі, то трэба разумець, што задушыць гэта немагчыма. Практычна ў кожнага беларуса ёсць смартфон, ёсць тэлеграм-канал, ёсць сацыяльныя сеткі. І гэтай інфармацыі не стрымаць, трэба забараніць цалкам інтэрнэт у Беларусі ці смартфоны. Вось тады гэта можна стрымаць. У 2021 годзе гэта немагчыма. Мне падаецца, што гэтыя высілкі несуразмерныя.
Як кажа Аляксей Дзікавіцкі, змагацца з распаўсюдам інфармацыі ў інтэрнэце – справа безнадзейная. Мяняецца структура інфармацыі і спосабы яе трансляцыі, але не мяняецца разуменне беларускіх чыноўнікаў, якія жывуць стандартамі мінулага стагоддзя, кажа эксперт.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя