Аляксей Францкевіч: Расея чарговы раз паказала сваю сутнасць



Ноччу расейцы абстралялі Львоў. Было прамое трапленне ў жылы дом. Чатыры чалавекі загінулі, 32 – параненыя, ратавальнікі разбіраюць завалы. Таксама пашкоджаны аб’ект крытычнай інфраструктуры. 

Львоў пасля абстрэлу Фота з фэйсбука Аляксея Францкевіча

Пра наступствы расейскай атакі на Львоў нашаму карэспандэнту распавёў беларус, які там жыве, кіраўнік дабрачыннага фонду „Вольная Беларусь” Аляксей Францкевіч.

РР: Львоў трапіў пад чарговы расейскі абстрэл. У выніку пашкоджаны жылы дом, і вы жывяце ў 15 хвілінах ад гэтага дома. Як для вас прайшла гэтая ноч, што вы чулі, што бачылі?

Аляксей Францкевіч: Па-першае, гэта, напэўна, самы масіраваны ўдар з пачатку паўнамаштабнага ўварвання. Расея ў чарговы раз паказала сваю сутнасць, што яны бамбяць мірных жыхароў, бамбяць уначы. Сёння ракета паляцела ў жылы будынак, у двух пад’ездах зруйнаваныя два паверхі, каля 60-ці кватэр. На дадзены момант 4 чалавекі загінулі, 9 параненыя, зараз разбіраюцца завалы.

Што гэтай ноччу? Лішні раз нагадалі тым, хто расслабіўся, што вайна не скончаная. Пакуль расейская імперыя існуе, пагроза можа быць тут кожную хвіліну, таму што ніхто не ведае, куды гэтая ракета трапіць.

РР: Вядома адкуль яны ўжо выляталі, з акваторыі Чорнага мора. Усё ж такі з беларускай тэрыторыі абстрэлаў працяглы час няма.

Аляксей Францкевіч: Так. Калі я не памыляюся, з мінулай восені ўжо з Беларусі нічога не ляцела.

РР: Увогуле ўначы што было: гучалі сірэны перад тым, як гэта адбылося, ці чулі вы самі гэты выбух побач?

Аляксей Францкевіч: Было недзе каля пяці выбухаў, ва ўсіх машынах спрацавала сігналізацыя, у шмат якіх кватэрах павыносіла поўнасцю ўсе вокны. То бок вельмі шмат кватэр, якія побач, засталіся без акон ад ударнай хвалі. То бок вельмі гучна гучала сёння.

РР: У вас малая дачка, што вы адчуваеце як бацька? Такая неабароненасць, што гэтая ракета як заўгодна і куды заўгодна можа прыляцець. Што рабіць, каб забяспечыць тое, каб ніхто з вашых блізкіх не трапіў пад гэта?

Аляксей Францкевіч: Напэўна, самае разумнае рашэнне, гэта ўсё ж такі малых дзяцей з жонкамі вывозіць у нейкія бяспечныя месцы. Таму што, на жаль, тут гэта 50х50. Тут няма бяспечных месцаў у краіне, і ніхто не ведае, куды трапіць гэтая ракета і якія будуць наступствы. Таму самае разумнае – гэта кудысьці вывозіць, дзе яны былі б у бяспецы. Таму што, калі пачынаюцца нашыя гэтыя паветраныя трывогі, пакуль вы разбудзіце дзіця, пакуль вы дойдзеце да бамбасховішча, то паспееце ці не паспееце ніхто не ведае, і як гэта ракета пападзе і якія будуць наступствы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя