Аляксей Францкевіч: З тэрарыстамі ўвогуле размаўляць і дамаўляцца няма сэнсу



Аляксей Францкевіч, кіраўнік Беларускага крызіснага цэнтра ў Львове, распавядае пра вайну і пра тое, чым зараз замаюцца беларусы ва ўкраінскім горадзе ў гэтых умовах.

РР: Чым канкрэтна займаецеся ў гэтыя хвіліны і што плануеце зрабіць цягам дня? Каб ведаць проста фронт працы.

Аляксей Францкевіч: Зараз шмат людзей вяртаюцца ў Львоў. Сёння беларусы вяжуць маскіровачныя сеткі, засяляюць уцекачоў, шукаем гуманітарку. Людзі на складах разгружаюць гуманітарку, сартуюць., то-бок працы шмат. Таксама распаўсюджваем яшчэ і інфармацыю на інфармацыйным фронце, па сацыяльных сетках патрэбную інфармацыю.

РР: Паток бежанцаў не змяншаецца, кожны дзень іх шмат прыбывае ў Львоў?

Аляксей Францкевіч: На жаль, так. Вось зараз спрабуем звязацца з нашымі беларускімі сем’ямі, якія былі ў Бучы. Учора ў іх „адрубілі” свет і інтэрнэт, апошні раз з імі ў дзве ці тры гадзіны стэлефаноўваліся, калі адзін з беларусаў нёс параненую жанчыну. Таму што там расстралялі машыну з людзьмі, з дзецьмі. Што з імі зараз, не ведаем.

РР: Яны таксама хацелі эвакуявацца адтуль, так?

Аляксей Францкевіч: Так. Мы спрабавалі іх эвакуяваць ужо сем дзён, але не было магчымасці. Яны сядзелі ў доме, у якім няма нават падвала. Там восем беларусаў было, чатыры з іх – дзеці. 25 хвілін да бомбасховішча, таму яны там сядзелі. Мы заўсёды былі з імі на кантакце, а зараз няма гэтага кантакту. Спадзяюся, што проста селі тэлефоны і з імі ўсё добра.

РР: Увогуле ўсе гэтыя дамоўленасці пра гуманітарныя калідоры з расейцамі, вось прыклад Ірпеня, прыклад Марыўпаля паказваюць, што яны ніяк не дзейнічаюць. Нават калі людзі збіраюцца на пэўных кропках, выходзяць, іх пачынаюць абстрэльваць.

Аляксей Францкевіч: З тэрарыстамі ўвогуле размаўляць і дамаўляцца няма сэнсу. Аб чым з імі дамаўляцца? Людзі забіваюць мірнае насельніцтва, бамбяць мірныя кварталы. Аб чым з імі дамаўляцца? Думаю, што ўсё гэта бессэнсоўна.

РР: Які адсотак з гэтых бежанцаў складаюць беларусы і ці шмат беларусаў зараз у Львове? Якія з імі здараюцца выпадкі? Я ведаю, што некаторыя машыны з беларускімі нумарамі на мяжы папросту разварочваюць, не даюць праехаць.

Аляксей Францкевіч: Натоўп беларусаў быў у першыя дні, і вельмі шмат. Зараз – наадварот. Зараз людзі едуць з Еўропы, каб тут запісацца ў тэрытарыяльную абарону да беларусаў, у гэтую беларускую групу на базе “Азова”. Учора сустрэў адну дзяўчынку, яна прыехала да нас валанцёрам працаваць. То-бок беларусаў становіцца менш. Але вельмі добра, што я стварыў унутраны чат  “Валанцёры ў Львове”. Нас ужо больш за сорак чалавек.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: 

Беларускае Радыё Рацыя