Аляксей Колчын: Не выпадае чакаць добрых вестак з суда



У Менску пачаўся суд над прадстаўнікамі праваабарончага цэнтра „Вясна” — Валянцінам Стэфановічам, Уладзімірам Лабковічам і Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.

Чаго чакаць ад гэтага суда? Як „Вясна” ацэньвае абвінавачванні ў дачыненні да сваіх калег? І з якім настроем самі палітзняволеныя праваабаронцы падыходзяць да свайго судовага працэсу? Пра гэта – размова з сённяшнім „Госцем Рацыі” Аляксеем Колчыным.

РР: Яны ўжо паўтары гады за кратамі. Чаму так доўга?

– Чаму так доўга, трэба пытацца ў нашага так званага правасуддзя, якое лічыць прымальным трымаць людзей за кратамі гадамі без нейкага выраку. На жаль гэта звычайная практыка ў апошні час. Шмат хто з палітычных вязняў чакаў і больш. Зразумела, што гэта абсалютна абуральная практыка беларускай дзяржавы, якая кідае людзей за краты, праводзіць нейкія мінімальныя следчыя дзеянні. Нашы сябры сядзелі там многія месяцы і ніякіх следчых дзеянняў абсалютна не адбывалася. Так адбываецца са шмат якімі вязнямі таксама.

РР: Давайце паспрабуем пракаментаваць абвінавачванні. Што сярод іх?

– Калі пытаюцца пра тое, якім чынам можна пракаментаваць гэтае абвінавачанне, то шчыра кажучы акрамя, як поўнае трызненне, іншых слоў у галаву не прыходзіць. Пра гэта ўжо казалася не раз рознымі людзьмі, праваабаронцы не займаюцца кантрабандай. Мы не перавозім кантрабанду ў Беларусь і мы займаліся зусім не гэтым. Мы займаліся абаронай правоў чалавека. Я думаю, што ў пэўны момант улады паглядзелі на тое абвінавачванне, якое яны высунулі першапачаткова, і прыйшлі да высновы, што гэта занадта малыя тэрміны, занадта яно неяк не сур’ёзна выглядае ў дачыненні да такіх сур’ёзных людзей, як нашыя лідары. Вырашылі, што па сутнасці тая ж самая фабула, якая верціцца вакол нейкіх грашовых сродкаў, яны проста палічылі цяпер гэта кантрабандай.

РР: Вы лічыце, што іх прызнаюць вінаватымі?

На жаль думаю, што нам не выпадае чакаць нейкіх добрых вестак з гэтага суда. Спадзявацца канешне можна, але сапраўды рэаліі нашыя беларускія гавораць пра тое, што вырак будзе абвінаваўчым.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Нагадаем, суд над прадстаўнікамі праваабарончага цэнтра „Вясна” распачынаецца 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёна горада Менска. Па „справе Вясны” праходзяць чатыры праваабаронцы, з якіх тры — палітзняволеныя. Гэта старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. Таксама па “справе Вясны” праходзіць і яшчэ адзін прадстаўнік арганізацыі — Зміцер Салаўёў. У адносінах да яго распачалі так званую “спецыяльную вытворчасць” (то бок завочны суд).

Беларускае Радыё Рацыя