Аляксей Колчын: Прысуд праваабаронцам абуральны
Праваабарончыя арганізацыі розных краін выступілі з супольнай заявай аб асуджэнні прысуда ў дачыненні да Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы. Бо прысуд абуральны, адзначае Аляксей Колчын, сябра часовай рады праваабарончага цэнтра “Вясна”:
– Мы, як праваабарончая супольнасць, павінны былі выказаць сваё стаўленне да гэтага абуральнага прысуду Леаніду і Таццяне. І гэта не толькі дэманстрацыя нашага стаўлення да таго, што адбываецца, гэта і дэманстрацыя падтрымкі Леаніду і Таццяне і ўсім нашым калегам, якія знаходзяцца за кратамі.
Крымінальная справа у дачыненні да Леаніда Судаленка і Таццяны Ласіцы — гэта рэпрэсіі, адзначаюць прадстаўнікі “Вясны” Алена Маслюкова і Уладзімір Вялічкін:
– Як сам Судаленка на самым пачатку казаў „по бепределу взяли, по беспределу отпустят”, я таксама схіляюся да таго, што падстаў да крымінальнага пераследу сябраў арганізацыі няма.
– Я думаю, што ўсе, хто спрычыніўся да гэтага прысуду – злачынцы, бо менавіта яны з’яўляюцца парушальнікамі закона і яны будуць адказваць па той жа самай судовай сістэме.
Суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Гомеля Сяргей Салоўскі 3 лістапада асудзіў праваабаронцу Леаніда Судаленку і валанцёрку Таццяну Ласіцу на тры гады і два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму адпаведна. Разам з імі судзілі і валанцёрку Марыю Тарасенка. Але не дачакаўшыся прысуда, яна вырашыла пакінуць Беларусь (дзе дагэтуль знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе). Таму крымінальную справу ў дачыненні да яе вынеслі ў асобую вытворчасць.
Беларускае Радыё Рацыя