Аляксей Колчын: Пяць гадзін вобшуку і паўтары гадзіны размовы
Пяць гадзін доўжыўся вобшук ва ўласнай кватэры праваабаронцы Магілёўскай філіі “Вясны” Аляксея Колчына, а затым — каля трох гадзінаў на офісе арганізацыі.
Да Аляксея Колчына прыйшлі з вобшукам сёння, 16 лютага, а сёмай раніцы. У выніку забралі два тэлефоны, два кампутары (адзін з іх належыў дачцы Аляксея). Статус Аляксею не паведамілі. Пасля гэтага вобшук правялі ў офісе арганізацыі, дзе забралі старыя папяровыя дакументы, некалькі флэшак і дыктафонаў. Потым Аляксея павезлі ў магілёўскую ўправу ГУБАЗіКа:
– Было паўтары гадзіны размовы. Цяжка мне акрэсліць пра што – ні пра што. Пра жыццё. Нейкія пытанні і пра “Вясну”, і не пра “Вясну”, і пра палітыку. Ніякія гэта былі ні дзеянні, ні допыт, ні апытанні, нічога такога. Проста нейкая такая балбатня. Як яны любяць расслабіць кліента і паглядзець, што цікавага ён скажа. Мабыць так, я думаю.
Вобшук таксама правялі і ў астатніх прадстаўнікоў Магілёўскай філіі праваабарончага цэнтра “Вясна” – Барыса Бухеля, Алеся Буракова-старэйшага і Алеся Буракова-малодшага.
Беларускае Радыё Рацыя