Аляксей Кудзін: Я не адмаўляю удараў, але гэта была самаабарона
Беларускі баец Аляксей Кудзін, якога экстрадаваны з Расеі ў Беларусь за супраціў супрацоўнікам міліцыі падчас акцыі пратэсту 10 жніўня мінулага года, выступіў у судзе з апошнім словам.
Шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе прызнаў, што нанёс удары супрацоўнікам міліцыі, але падкрэсліў, што зрабіў гэта ненаўмысна:
– Я думаю, што ў паказаннях на маім судзе было шмат супярэчнасцяў. Лічу, што было даказана прымяненне супрацоўнікамі спецсродкаў. Я не адмаўляю удараў, але гэта была самаабарона. Я шкадую аб нанесеных цялесных пашкоджаннях. Шкадую я і пра тое, што высмеяў іх у інтэрв’ю. Яны ж проста выконвалі свае абавязкі. Прашу не пазбаўляць мяне волі. Я і надалей гатовы выступаць за Беларусь, – цытуе Кудзіна „Рэгіянальная газета„.
Падчас спрэчкі бакоў, бок абвінавачвання палічыў, што віна спартоўца ў супраціве супрацоўніку міліцыі даказаная. Пракурор запрасіў для Кудзіна тры з паловай гады пазбаўлення волі.
Адвакаты Аляксея Кудзіна з такім рашэннем не пагадзіліся. Грунтуючыся на паказаннях асобных сведкаў яны сцвярджаюць, што іх падабаронны, знаходзячыся на Цэнтральнай плошчы Маладзечна ў пратэстны дзень, агрэсіі не праяўляў, ніякай сімволікі пры сабе не меў, паведамляе Млын.
Ужыўшы сілу, Аляксей абараняў сваё канстытуцыйнае права на жыццё і здароўе, бо да гэтага атрымаў некалькі удараў дубінкамі і адчуў на сабе ўздзеянне распыленага слезацечнага газу.
Прысуд абвінавачанаму абвесцяць 11 жніўня.