Актывісту Моладзі БНФ прысудзілі адседжаныя суткі



У Лідскім раённым судзе прайшло судовае паседжанне па справе актывіста Моладзі БНФ Аляксея Маркевіча. Падтрымаць яго прыехалі паплечнікі з Менска.

Распавядае наш карэспандэнт Андрэй Панямонаў:

– Ён быў затрыманы ўвечары ў пятніцу, калі ехаў з працы. Яго затрымалі каля дома, паказалі пасведчанне і папрасілі праехаць у РАУС. Пры гэтым ён вёў стрым на фэйсбуку. І было бачна, што яго папрасілі праехаць толькі на размову, але не назвалі прычыну. Ужо пазней у РАУС яму паведамілі, што ён лаецца матам. Склалі пратакол аб дробным хуліганстве. Усе выходныя да сённяшняй раніцы ён правёў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Суддзя засудзіў яго на трое сутак арышту. Улічваючы тое, што ён іх ужо адсядзеў (у пятніцу ўвечары затрымалі, а сёння панядзелак), таму ўвечары яго павінны адпусціць. Суддзя прызнаў віну актывіста, якую ён увесь час адмаўляў. Былі сведкі з боку міліцыянтаў, якія пацвердзілі, што ён лаяўся матам. Аляксей Маркевіч гэтага не прызнаваў. Па яго словах, ён гэтага не рабіў. Таму суддзя прыняў рашэнне даць мінімальнае пакаранне ў такім выпадку.

Беларускае Радыё Рацыя, Ліда