Аляксей Пяткевіч: Браніслаў Тарашкевіч ніколі не быў камуністычным артадоксам
Гарадзенскі прафесар Аляксей Пяткевіч выказвае свае аргументы ў дыскусіі з польскім Інстытутам нацыянальнай памяці, які вырашыў пазбавіцца ў Польшчы тапанімічнай згадкі пра Браніслава Тарашкевіча. Паводле яго, імя Браніслава Тарашкевіча было пад №1 у заходне-беларускім руху.
Прафесар Аляксей Пяткевіч перакананы, што асоба Тарашкевіча была еўрапейскай фігурай, інтэлігентам, і ніяк не мог быць ворагам польскай культуры.
– Якую пазіцыю ён не займаў? Ён не быў праціўнікам Польшчы. Ён проста як выказнік інтарэсаў свайго народа стараўся адстаяць правы беларусаў праз трыбуну польскага Сейма. Канешне, пад ціскам камуністычнага руху Савецкага Саюза Тарашкевіч, як і многія дзеячы вызваленчага руху, схіліўся ўрэшце да камуністычных пазіцый. Але ён ні ў якім разе ніколі не быў артадоксам.
У гарадзенскай тапанімічнай камісіі, у перыяд нацыянальнай „адлігі” ў Беларусі, у пачатку 90-х гадоў, былі прапановы па перайменаванні менавіта камуністычнай назвы адной з вуліцаў (Бульвар Ленінскага камсамола), надаўшы ёй імя Браніслава Тарашкевіча. Але тады гэтага ажыццявіць не ўдалося, таму дасёння такой вуліцы абласны цэнтр не мае.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя