Аляксей Пяткевіч: Мы былі ў гушчыні жыцця горада



У палацы прафсаюзаў 30 гадоў таму 1 снежня 1989 года 480 дэлегатаў устаноўчага з’езда ТБМ абвесцілі пра існаванне магутнай беларускай сілы. Тады ў ёй імкнуліся быць прадстаўнікі не толькі творчай інтэлігенцыі, але і наменклатуршчыкі, якія разумелі сітуацыю ў Беларусі. Справа з пашырэннем беларускай мовы шырылася, да пары.

Згадвае прафесар Аляксей Пяткевіч, які цягам шматлікіх гадоў узначальваў арганізацыю:

– Мы былі ў гушчыні жыцця горада. Тады на беларускую мову ў 90-ыя гады пераводзіліся школы, магу прывесці дакладную лічбу, 23 гарадскія школы пераводзіліся на беларускую мову. Універсітэт імя Янкі Купалы паспеў перавесці тры курсы ўсіх факультэтаў на беларускую мову, прычым, канешне, гэта была ўся наша праца, наш клопат.

Пасля гэтак званага „рэферэндуму”, які, дарэчы, насіў кансультатыўны характар, сітуацыя пайшла ў адваротным кірунку. Але і цяпер гарадзенская арганізацыя Таварыства беларускай мовы працягвае сваё змаганне з русіфікацыяй магчымымі цывільнымі сродкамі і метадамі.

Павіншаваць гарадзенцаў прыехалі старшыні некаторых мясцовых суполак Гарадзеншчыны.

Старшыня Лідcкай раённай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка таксама быў у Гародні, каб павіншаваць сваіх сяброў:

– Трэба думаць пра лепшае, іншага звароту няма. Беларуская мова развіваецца і ў рэшце рэшт зойме сваё годнае месца. Можна ў любой сваёй працы знаходзіць месца як пашырыць беларускую мову. Вось падаткі не плаціў за зямлю, пакуль не даслалі на беларускай мове, і даслалі, за зямлю і нерухомасць. Ці ў пракурора мы маем права патрабаваць неяк, ці ў судах даведкі на беларускай мове, дамову ў банку мне рабілі на беларускай мове. Таму ўсё, што можна, для пашырэння беларускай мовы як дзяржаўнай, трэба рабіць, каб надаць ёй статус сапраўднай дзяржаўнай мовы.

Сябры Таварыства беларускай мовы працягваюць валанцёрскі рух па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця, і чакаюць новых сяброў у арганізацыі. Бо ралля вялікая – аратых мала.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: rgazeta.by