Аляксей Серафімовіч: Была такая навука – лімналогія



Нездарма Беларусь называюць краем блакітных азёраў. Усяго ў краіне каля 11 тысяч азёраў. Найбольш густа яны рассеяны па ўсёй Віцебшчыне і па паўночна-заходняй частцы Менскай вобласці. Вельмі шмат азёраў цягнецца па Віцебшчыне, пачынаючы з Лепельскага раёна і заканчваючы вядомымі Браслаўскімі азёрамі. Гэты край называюць Паазер’ем.

Як кажа вядомы азёразнаўца і географ, а зараз уладальнік аграсядзібы Скрабатуны на Глыбоччыне Аляксей Серафімовіч, у сваім жыцці ён шмат часу аддаў на экспедыцыі па вывучэнні азёраў Беларусі, у прыватнасці Віцебшчыны, дзе зараз і пасяліўся. Па яго словах, ён бачыў вельмі шмат прыгожых, чыстых азёраў, але зараз яму падабаецца больш за астатнія, як ён кажа, сваё – Вялікі Супонец. Ад якога, дарэчы, у захапленні быў і Васіль Быкаў.

Кажа Аляксей Серафімовіч:

– Калі я працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, была такая навуковая дысцыпліна як лімналогія – вывучэнне азёраў. Кожнае лета мы, выкладчыкі, разам са студэнтамі ездзілі ў экспедыцыі і вывучалі азёры Беларусі. Займаліся тэмай пашпартызацыі азёр Беларусі, плошча якіх складала не менш за адну дзясятую гектара. Нашыя ўсе напрацоўкі былі для службовага карыстання, але імі цікавіліся і ваенныя. Іх цікавіла таўшчыня лёду на азёрах, праходнасць тэхнікі і гэтак далей.

Цяпер Аляксей Серафімовіч жыве ў Глыбоцкім раёне на хутары Скрабатуны, дзе разам з сынам Якавам ужо некалькі год разводзіць беларускую пароду коней, нашчадкаў тарпанаў. А яшчэ Аляксей стаў сталяром і разьбяром па дрэве і робіць іканастасы для цэркваў.

На фота:  Аляксей Серафімовіч з рэдактарам газеты „Вольнае Глыбокае” і краязнаўцам Уладзімірам Скрабатуном.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя