Аляксей Шчадроў запрошаны ў Ватыкан



Аляксей Шчадроў, каталік, які арганізаваў прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы Шчучынскага раёну, запрошаны ў Ватыкан. Сакратарыят святой сталіцы зацікавіўся асабістым учынкам Аляксея ды яго грамады “братоў-місіянераў харызмы Маткі Тэрэзы з Калькуты”.

Як кажа Аляксей Шчадроў, суполка незарэгістраваная пры Царкве, ды існуе як ініцыятыва ўжо трэці год:

– Старшыня калгасу ўсё прыязджае – кажа, каб мы з’язджалі ў другі раён, ёй гэта не падабаецца, яна цяпер дэпутатам стала. Я кажу: “Нам няма куды ехаць. Нам гэтыя дамы Гасподзь благаславіў – і мы ў іх жывем”. Яна кажа: “Тады ўсё трэба ўзаконіць”. Я: “Мы чакаем рэгістрацыі. Статут ужо ёсць у нашага ксяндза Юрыя, якога біскуп прызначыў для нашай супольнасці, ксёндз апякуецца намі, прыязджае за 10 кіламетраў, людзей спавядае і дапамагае, як можа”.

У трох дамах вёскі Аляксандраўка цяпер жыве дзясятак людзей, якія патрабуюць дагляду. Некаторыя з іх паралізаваныя. Мясцовае сельскае начальства спрабавала пранікнуць у будынкі грамады разам з санстанцыяй, але Аляксей, як уласнік прыватнай забудовы – іх не пусціў.

Паводле кананічнага права Каталіцкай Царквы, рэгістрацыя такой грамады мусіць прайсці працяглую працэдуру. Станоўчы вынік у гэтым Аляксей чакае ад падарожжа ў Ватыкан.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя