Аляксей Шота: Будзем працаваць далей



У Гародні ў Эканамічным судзе па Гарадзенскай вобласці прайшло падрыхтоўчае пасяджэнне па ліквідацыі «Гродна Лайф Медыя», якое выдае папулярную старонку Hrodna.life.

Пра суд распавядае кіраўнік «Гродна Лайф Медыя» і рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:

– Гэты суд – частка паслядоўнай кампаніі па знішчэнні нас, як і іншых многіх прыватных незалежных СМІ ў Беларусі. Чакаем выніку. Ён расцягваецца па часе. Можа ў верасні нас ліквідуюць. Я не сумняюся, што будзе такі вынік. У Беларусі зараз чакаць іншага цяжка. Добра, што не з першага пасяджэння, а дадуць час.

Па словах журналіста, міліцыянты пачалі вяртаць тэхніку, што забіралі пры першых ператрусах:

– Вярнулі ўсю тэхніку, якую вымалі падчас першага ператрусу ў студзені яшчэ. Гэта тэхніка амаль на 10 тысяч даляраў. Усё ў добрым стане, усё працуе. Дзякуй міліцыі, што захавалі. Карыстаемся. Іду ў міліцыю забіраць свой прыватны ноўтбук, тэлефон і жорсткія дыскі, якія пры вобшуку ў маёй хаце забралі. Чакаем выніку гэтага суда. Калі нас ліквідуюць, то зразумела, усіх звальняем, фірму закрываем.

Тэлеграм-канал выдання Hrodna.life прызналі ўжо экстрэмісцкім і цяпер ўлады жадаюць закрыць арганізацыю, што займаецца выданнем Hrodna.life, аднак Аляксей Шота ўпэўнены, што так „закрыць” незалежную журналістыку не атрымаецца.

Беларускае Радыё Рацыя