Аляксей Шота: Hrodna.life па-ранейшаму дасяжны



Hrodna.lif па-ранейшаму дасяжны. Вядома, што пракуратура Гарадзенскай вобласці яшчэ 16 верасня накіравала ў Міністэрства інфармацыі пастанову аб блакаванні доступу да папулярнага інтэрнэт-рэсурсу.

Сітуацыю ў нашым эфіры пракаментаваў галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:

– Выглядае на тое, што мы яшчэ не ў спісе Міністэрства інфармацыі. Таму што сайт адчыняецца без праблемы з тэрыторыі Беларусі, без VPN. Усе нашыя чытачы адкрываюць. Ніхто яшчэ не паведаміў, што ёсць праблема. І мы самі бачым, што ўсё адкрываецца. Але чакаем.

Што тычыцца «Гродналайфмэдыя», якая валодала сайтам Hrodna.life, то арганізацыя мае час на ліквідацыю да канца лістапада.

– Думаю, у канцы верасня, або ў кастрычніку правядзем сход заснавальнікаў, на ім прымем рашэнне аб ліквідацыі, і паціху будзем ліквідоўвацца. Нам яшчэ павінны некаторыя рэкламадаўцы трохі грошай. Усе пазыкі пастраемся «выбіць», каб з чыстым сумленнем закрыцца. Здаецца, мы нічога дзяржаве не павінны – ні падаткаў, нічога. Усё было аплочана своечасова. Таму толькі фармальна адбудзецца ліквідацыя. А часу вельмі шмат.

У любым выпадку Hrodna.life працягне працу ў легальным полі, ёсць варыянты, запэўнівае Аляксей Шота. Блакіроўкі рэдакцыя не баіцца, бо, як высветлілася, большасць аўдыторыі выдання карыстаецца VPN, рыхтуюцца і сайты-люстэркі. Новы тэлеграм-канал выдання цяпер завецца Hrodna.like, бо ранейшы быў прызнаны экстрэмісцкім.

Цалкам размова:

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя