Аляксей Шота: Калі асудзяць – звернемся да чытачоў
Гарадзенскага журналіста Аляксея Шоту пачалі судзіць у судзе Ленінскага раёну Гародні.
Паседжанне па адміністрацыйнай справе супраць парталу, а таксама галоўнага рэдактара Аляксея Шоты адбываецца таму, што міліцыянты знайшлі на сайце hrodna.life інфармацыю з тэлеграм-каналу, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Пра працэс распавядае Аляксей Шота:
– Мне падалося, што там ёсць пэўныя несупадзенні. Неахайна аформлена перадача матэрыялаў у суд. Напрыклад, не пазначана колькі лістоў, на якіх перададзены матэрыялы. Таксама артыкул 18.11, які ўжо не існуе на сённяшні дзень, у сённяшнім КАПе яго няма. Здаецца, гэта 19.11. Таму, у маім разуменні, трэба было перапісваць усе пратаколы. Я заявіў такое хадайніцтва, праўда, суддзя яго не падтрымала. У выніку я заявіў яшчэ адно хадайніцтва, пра тое, што ў такім выпадку я вымушаны звярнуцца да адваката. Раней я не мог звярнуцца, бо я толкам і не ведаў, што мне пагражае і я не мог азнаёміцца з матэрыяламі справы. І гэтае хадайніцтва суддзя Наталля Козел ужо падтрымала.
Аляксей Шота лічыць, што ў выпадку, калі ім дадуць штраф, рэдакцыя будзе вымушана звярнуцца да чытачоў.
– Штраф нам пагражае на сённяшні дзень пад 6 тысяч даляраў, 5 тысяч 600, здаецца, калі пераводзіць у даляры. Гэта вельмі вялікі штраф, ён складаецца з дзвюх частак, большая, каля 15 тысяч рублёў – на фірму, і 1,5 тысячы на мяне, як фізасобу. Гэта прыкладна 5 месяцаў працы рэдакцыі. Калі заробкі, падаткі, арэнда, дзякуй богу, яна ў нас не вельмі высокая. Гэта 5 месяцаў. На сённяшні дзень у нас няма такіх грошай у фірме. Ёсць пэўны запас. Але запас, зноў такі, адкладзены на горшыя часы на заробкі, калі будзе менш даходу. І я нават не ведаю, як на сённяшні дзень мы маглі б выплачваць такі буйны штраф.
Падтрымаць журналіста ў суд прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, а працяг справы адбудзецца 19 сакавіка а 11-й гадзіне ў судзе Ленінскага раёну Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча