Аляксей Шота: Улады сочаць за нашымі навінамі штодзённа



Гарадзенскага журналіста Аляксея Шоту ў нядзелю, 30 траўня, затрымалі людзі ў цывільным. Па словах журналіста, затрыманне адбылося вельмі дзіўным чынам.

Распавядае Аляксей Шота:

– Пад’ехаў белы, таніраваны бус. Выйшла пяцёра хлопцаў апранутых у цывільнае. Мяне забралі. Я адразу зразумеў, што відаць па справе “Hrodna.life”, нейкай чарговай. Завезлі ў Ленінскі РАУС. Там правялі асабісты дагляд. Сказалі дастаць шнуркі з абутку. Голым папрысядаць. Я нават падумаў, што могуць аформіць на суткі, калі так усё пачалося і калі цэлай групай адбылося затрыманне. Там я даведаўся, што артыкул 19.11, былы 17.11 “Распаўсюд матэрыялаў, якія ўпісаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Па словах Аляксея Шоты, на сайце „Hrodna.life” міліцыянты знайшлі ўзгадкі пра тэлеграм-канал, які нельга ўзгадваць у Беларусі.

– Якая дзіўная сітуацыя. Мы толькі-толькі сплацілі папярэдні штраф, вельмі вялікі, больш за 12 тысяч рублёў – калі мой і фірмы штрафы скласці разам. І ў панядзелак адбылося такое ЧП. Наш супрацоўнік выпадкова пра матэрыял пра самалёт, які затрымалі ў Менску ў мінулыя выходныя, даў фотаздымак, дзе быў бачны лагатып “Нехты”.  

Пасля агляду ў Аляксея Шоты міліцыя забрала ў яго нотбук, тэлефон і старыя сістэмныя дыскі, якія захоўваліся яшчэ са студэнцкіх часоў. Аляксей кажа, што міліцыя наведвалася да рэдактаркі Ірыны Новік, якой не было ў хаце.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча