Аляксей Шота: З міліцэйскім пратаколам я не згодны



Незалежны журналіст з Гародні Аляксей Шота, які з’яўляецца рэдактарам рэгіянальнага анлайн-выдання Hrodna.life, быў выкліканы на размову ў міліцыю, дзе атрымаў пратакол.

Пра выклік у міліцыю распавядае сам журналіст:

– Па выкліку пайшоў у міліцыю, каб атрымаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Супраць мяне заведзена адміністрацыйная справа па ч.2 арт. 17.11 КоАП Беларусі – то бок, захоўванне і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Усё тычыцца спасылак або лагатыпаў канала Nexta ці Nexta Live.

Па словах Аляксея Шоты, рэдакцыя плануе на суд з’явіцца з прадстаўнікамі абароны:

– Мы пойдзем у суд з адвакатам. Чакаем суду. Сёння быў дзяжурны выклік, не было чаго хвалявацца. А ўжо ў судзе будзем даказваць, хто мае рацыю. З пратаколам я, канешне, не згодны. І мы перадусім будзем патрабаваць вяртання тэхнікі.

29 студзеня 2021 у рэдакцыі выдання  Hrodna.life адбываўся так званы агляд, пасля якога ў рэдакцыі былі забраныя 4 фотаапараты, друкаваная прадукцыя, дрон і флэшкі. Так званы агляд адбываўся без прысутнасці самых журналістаў па артыкуле 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае штраф 500 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня