Аляксей Шпак: Мы адкрываем скрыню Пандоры



155 гадоў таму аўстрыйскі біёлаг Грэгар Мендэль паведаміў навуковаму свету пра свае вопыты на гароху, якія тлумачаць механізмы спадчыннасці. За час, які прайшоў з моманту вынаходніцтва, навука „генетыка” стала адыгрываць вялікае значэнне.

Старэйшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Шпак нагадвае, што этычныя прынцыпы ў генетыцы павінныя быць непарушнымі:

– Кітайскі навуковец абвясціў, што нарадзіліся дзве дзяўчынкі, якім ён скарэктаваў геном. Ён зрабіў так, што дзяўчынкі зрабіліся ўстойлівымі да вірусу імунадэфіцыту чалавека ВІЧ. Калі мы так робім, мы робім прэцэдэнт, мы адкрываем скрыню Пандоры, мы яшчэ не вельмі добра ведаем, як працуе наш геном, мы не вельмі добра ведаем функцыі нашых генаў, каб штосьці карэктаваць.

Скандал з кітайскім навукоўцам Хэ Цзянкуем, які заявіў, што скарэктаваў геном эмбрыёнаў, — не адзіны ў сферы генетыцы. Так навуковец Джеймс Уотсан, які ў 1962 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію за адкрыццё трохмернай малекулярнай структуры ДНК, быў пазбаўлены ганаровых званняў. Прычына ў тым, што ён заяўляў пра сувязь інтэлекта з расавым паходжаннем.

Беларускае Радыё Рацыя