Аляксей Сігаеў: За несанкцыяванае святкаванне Дня Волі мы не будзем несці адказнасць
Аўтары заяўкі на святкаванне ў Менску Дня Волі, 103-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, пакуль не атрымалі адказу з Менгарвыканкаму. Хаця да гэтай даты засталіся лічаныя дні.
Па словах аднаго з заяўнікаў, першага намесніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксея Сігаева, зразумела, што ўлады робяць усё магчымае, каб мы больш нерваваліся і не мелі магчымасці нармальна правесці гэтае мерапрыемства.
– Літаральна зусім нядаўна, то бок у пятніцу, тэлефанаваў у гарвыканкам, і да гэтага часу рашэнне яшчэ не прынята. То бок адсюль разуменне таго, што ёсць два моманты. Калі б гэта не было палітычнае мерапрыемства, то можна было б сказаць, што чыноўнікі дрэнна працуюць. А тут проста яшчэ яны на палітычным узроўні не могуць прыняць ніякага рашэння. Таму што для ўлады дрэнна і калі яны дазволяць мерапрыемства, і калі яны забароняць мерапрыемства.
Заяўку таксама падпісалі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч.
Па словах Аляксея Сігаева, мы ўсе з’яўляемся афіцыйнымі заяўнікамі на афіцыйнае мерапрыемства і будзем дзейнічаць у межах нават тых законаў, якія прапісалі прадстаўнікі гэтай улады… Калі яго не дазволяць, то, адпаведна, мы ніякай адказнасці за любыя іншыя дзеянні падчас адзначэння Дня Волі несці не можам, таму што мы не арганізоўваем несанкцыяванае мерапрыемства, – падкрэсліў Аляксей Сігаеў.
Беларускае Радыё Рацыя