Аляксей Янукевіч: Прыйдзе час і ў Слоніме будзе помнік Івану Шэгу



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл наведалі магілу на Слонімскіх гарадскіх могілках былога доктара і грамадскага дзеяча, заснавальніка недзяржаўнай установы «Шэгамедкансульт», каардынатара Слонімскага грамадскага цэнтра, былога дэпутата Слонімскага раённага Савета дэпутатаў 2003−2007 гадоў Івана Шэгі, якога не стала роўна год таму.

Разам са слонімцамі магілу Івана Шэгі наведаў Аляксей Янукевіч – беларускі палітык, былы старшыня Партыі БНФ, які шчырымі словамі прыгадаў знакамітага слонімцы і сказаў, што прыйдзе час і ў Слоніме будзе помнік Івану Шэгу і будзе названа яго імем адна з вуліц.

Слонімцы хвілінай маўчання памянулі свайго знакамітага земляка, усклалі кветкі на яго магілу і запалілі знічы. Год ужо Слонім без Івана Шэгі. Яму было толькі 63 гады. Родам ён быў з вёскі Валеўка Наваградскага раёна. Скончыў Валеўскую сярэднюю школу амаль на выдатна, а потым Менскі медыцынскі інстытут. З 1980 года жыў і працаваў доктарам-траўматолагам у Слоніме. Апошнія дваццаць гадоў Іван Шэга актыўна займаўся палітыкай, з’яўляўся сябрам Сойму партыі БНФ, яго хваляваў лёс Беларусі і свайго народа. Свае разважанні і думкі пра лёс краіны ён выказаў і паспеў выдаць асобнай кнігай «Пра краіну і пра нас», якая ў 2016 годзе выйшла з друку ў Менску. Летась Іван Шэга таксама прымаў удзел у выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім