Амаль 1300 беларускіх рублёў штрафу за Дразды



Суд Пастаўскага раёна 22 снежня аштрафаваў глыбоцкага журналіста Змітра Лупача на 47 базавых велічыняў.

Наталля Максімовіч зноў судзіла журналіста за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.  Падставай стаў сюжэт пра вёску Дразды Пастаўскага раёна, які быў размешчаны на YouTube  тэлеканала “Белсат”.

Як кажа журналіст-фрылансер Зміцер Лупач, гэта самы вялікі штраф за супрацу з “Белсатам”, які яму прызначалі:

– 50 мне яшчэ не давалі. 47 таксама. У мяне 42 было максімальна. Гэта першы раз, што за YouTube, і гэтага сюжэту на „Белсаце” нават не было. На судзе я звяртаў увагу, што і “Аднакласнікі” і ўсялякія Фэйсбукі  таксама замежныя сеткі, і людзі імі карыстаюцца. Але гэта не было прынята да ўвагі.

Падтрымаць журналіста на суд прыйшлі і пастаўскія грамадскія актывісты. Іх было 9 чалавек, у залу  пусцілі ўсіх. Нагадаем, сёлета гэта  сёмая адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста за супрацу з тэлеканалам «Белсат».

Журналіст збіраецца абскарджваць рашэнне Пастаўскага суда ў вышэйшай інстанцыі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя