Амаль 7 тысяч дзён адміністрацыйнага арышту



Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі за апошні месяц 2020 году падсумавалі праваабаронцы «Вясны».

Цяпер у месцах абмежавання волі знаходзіцца 169 палітвязняў. Агульная колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх заведзеныя крымінальныя справы, перавысіла 900 чалавек.

Цягам снежня за ўдзел у сходах і мітынгах сілавікі затрымалі не менш за 750 чалавек. Разгледжаныя каля 700 адміністрацыйных справаў, вядома аб накладзеных на 200 чалавек штрафах у суме каля 150 тысяч рублёў. 481 чалавеку прызначаны адміністрацыйны арышт агулам на 6918 дзён.

У той жа час органамі пракуратуры і Следчым камітэтам не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах сістэмных і масавых катаванняў 9–12 жніўня, не заведзеныя справы па фактах гібелі як мінімум чатырох удзельнікаў пратэстаў — Генадзя Шутава, Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Віхора.

Беларускае Радыё Рацыя