Амаль паўтары тысячы беларусаў падтрымалі петыцыю за непрацоўны дзень на Дзяды



Амаль паўтары тысячы беларусаў падтрымалі петыцыю за тое, каб Дзяды сталі афіцыйнымі непрацоўнымі днямі. У тэксце звароту пазначаецца, што ад 1991 да 1996 года Дзяды ў Беларусі былі выходнымі.

Гэта давала магчымасць грамадзянам добраўпарадкаваць могілкі і ўшанаваць продкаў. Ініцыятар петыцыі гамяльчанка Алена Германовіч заўважае, што разлічвае на падтрымку беларусаў розных канфесій.

Беларусь была і застаецца міжканфесійнай дзяржавай. І ў вёсках і ў гарадах, і праваслаўныя і каталікі, нармальныя разумныя людзі, разбіраліся і не падзяляліся на канфесіі. Маўляў, ты праваслаўны, дык я не буду з табой сябраваць і піць гарбаты. Тое самае могілкі. Калі людзей хаваюць, дык цяпер такая мешаніна на могілках, што няма асобных каталіцкіх могілак, наколькі я ведаю. Дадзеную ініцыятыву могуць падтрымаць людзі, якія выдатна разумеюць, што такое Дзяды, і што свае карані трэба шанаваць. Калі ты не будзеш шанаваць свае карані, то ў цябе няма будучыні.

Інтэрнэт-петыцыя за наданне статусу выходных дзён Дзядам размешчаная на сайце zvarot.by. Подпісы будуць збірацца да 7 снежня.

Беларускае Радыё Рацыя